Пяты майскі дзень – вельмі важнае свята для тых, хто штодня жыве ў інфармацыйным полі, стварае і занатоўвае сучасную гісторыю, шчыра друкаваным словам гутарыць з чытачом. Адным словам, заўтра – святочны журналісцкі дзень.
Зроблена на
вякі!
Увогуле,
свята адлічвае пачатак з 5 мая 1912 года.
Тады, больш за сотню гадоў назад, пабачыла
свет ленінская “Праўда”. Ад яе ўзяў
вытокі ўвесь савецкі друк. З часам і ў
нас, у Жабінцы, узнікла свая раёнка з
красамоўнай назвай “Ленинский путь”
– “бабуля” сённяшняй “Сельскай
праўды”.
Старт
“Ленинскому пути” быў дадзены ў нядзелю
29 кастрычніка 1944 года. Яшчэ не скончылася
ліхалецце і да Вялікай Перамогі
заставаліся доўгія франтавыя вёрсты,
але ўжо наладжвалася мірнае жыццё ў
вызваленым краі. Адной з яго прыкмет і
стаў пачатак выдання ў Жабінцы раённай
газеты, якая пачыналася з закліку: “Хлеб
– радзіме, хлеб – фронту!” Першым, хто
ўзышоў на капітанскі мосцік жабінкаўскай
раёнкі, стаў рэдактар нашага выдання
Канстанцін Казакоў. Пасля яго амаль за
восем дзясяткаў гадоў у газеце ўжо
змяніліся 16 кіраўнікоў.
Мяняліся
не толькі асобы, але і самое выданне.
Усё пачыналася з “баявога лістка”, а
дарасло да сённяшняй каляровай газеты.
Аднак заўсёды ў фокусе ўвагі мясцовых
карэспандэнтаў заставалася галоўная
мэта: несці рознабаковую інфармацыю
пра падзеі і людзей, што жывуць і аддана
працуюць на Жабінкаўшчыне. У гэтым
раёнцы ніколі не было роўных, бо ніводнае
СМІ ніколі (нават у наш лічбавы час) не
расказвала так шмат пра Жабінкаўскі
раён, як гэта робіць “Сельская праўда”.
Акрамя
таго, нельга забывацца на старую, як
свет, мудрасць: “Что написано пером, не
вырубишь топором”. Любы файл, электронная
папачка, сайт, як матылёк-аднадзёнка,
могуць імгненна знікнуць у акіяне
інфармацыі ці проста перастаць існаваць.
І толькі тое, што трапіла на газетныя і
кніжныя старонкі, жыве і будзе жыць дні,
гады і нават стагоддзі. Таму і справа
журналістаў друкаваных СМІ вельмі
запатрабаваная і надзвычай адказная.
Гэта стала відавочна ў 1959– 1966 гадах,
калі часова прыпыніў існаванне Жабінкаўскі
раён, а разам з ім і мясцовае перыядычнае
выданне. Звестак пра гэты час значна
паменела, бо іх амаль не пакідалі ў
названыя гады журналісты-“летапісцы”.
Таму
ўявіце, якое вялікае свята прыйшло на
жабінкаўскую зямлю 1 студзеня 1967 года,
калі раённая газета адрадзілася пад
назвай “Сельская праўда”. Першы нумар
выйшаў у навагодні дзень. Была нядзеля,
і ўпершыню ў гісторыі раёнка прыйшла
да чытача двухкаляровай. З гэтага часу
газета пачала выдавацца тройчы на
тыдзень на беларускай мове, а рэдакцыя
атрымала прапіску ў доме №42 на вуліцы
Кірава. Пазней адрасы выдання мяняліся:
яно месцілася на вуліцах Піянерскай,
Леніна, Кароткіна, Будзённага.
А на
якім высокім узроўні святкаваўся раней
Дзень друку! Стала традыцыяй кожнае 5
мая адзначаць урачыста з запрашэннем
кіраўнікоў раёна і шматлікіх няштатных
карэспандэнтаў, якія дасылалі свае
лісты ў “Сельскую праўду” з усіх куткоў
раёна.
Час выбраў
нас
Час, як вядома, не стаіць на месцы. Ён нясе з сабою змены. Не застаецца ў баку ад іх, вядома, і “Сельская праўда”. Сёлета ў ёй істотныя змяненні, якія заўважаюць нашы чытачы-падпісчыкі. Гэтыя змены не толькі вонкавыя, бачныя, як гаворыцца, няўзброеным вокам, сярод якіх найбольш істотныя – шматколернасць і палепшаны дызайн. Гэта найперш звязана з тым, што з 2023 года “Сельская праўда” ўвайшла ў склад КУІП “Рэдакцыя Брэсцкай абласной газеты «Заря»”.
Што
таксама надзвычай прыемна, напярэдадні
сёлетняга Дня друку жабінкаўская раённая
газета адсвяткавала наваселле. Наш
сённяшні адрас: вуліца Савецкая, 7 (у
будынку “Беларусбанка”).
Калектыў,
які зараз шчыруе над выданнем раёнкі і
папаўненнем яго сайта, складаецца ўсяго
з чатырох чалавек: галоўнага рэдактара
Васіліны Вайтовіч, аглядальнікаў Наталлі
Аляксейчык і Анатоля Бензерука, а таксама
фотакарэспандэнта Кацярыны Якубёнак.
Аднак нават такім невялікім складам мы
стараемся па-ранейшаму трымаць руку на
пульсе жыцця Жабінкі і раёна, асвятляць
падзеі, на якія багаты наш край, упісваць
новыя старонкі ў яго сучасны летапіс.
Пры гэтым не забываемся павіншаваць са святам друку ветэранаў-“сельскапраўдаўцаў” і тых, хто шмат гадоў аддаў стварэнню раённага перыядычнага выдання. Шчырыя нашы пажаданні здароўя, радасці, дабра вам, Расціслаў Мацвеевіч Бензярук і Святлана Мікалаеўна Вішнеўская, Людміла Канстанцінаўна Каско, Ірына Фёдараўна Жук і Святлана Іванаўна Кіслая, Ірына Сцяпанаўна Міхнюк і Алена Мікалаеўна Ануфрыюк. Кожны з вас зрабіў нямала, каб у свеце горда ззяла імя горада-спадарожніка і ўсяго жабінкаўскага краю.
А цяпер – колькі
слоў тым, каму рухаць надалей друкаванае
слова на Жабінкаўшчыне.
Кацярына
ЯКУБЁНАК:
– Сёлетні
год і гэтае выданне для мяне асаблівыя.
Можна сказаць, адбываецца мой журналісцкі
дэбют. Вельмі радуе, калі здымкі, створаныя
маімі рукамі, радуюць людзей і паказваюць
наш разнастайны і вельмі прыгожы свет.
Наталля
АЛЯКСЕЙЧЫК:
– Які
ўсё ж неўтаймаваны час! Здавалася, зусім
нядаўна пераступіла парог “Сельскай
праўды”, і вось ужо амаль 10 год, як працую
на журналісцкай ніве. Радуе, калі нашы
публікацыі бываюць карыснымі чытачам,
калі ў газеце людзі знаходзяць адказы
на пытанні, што іх хвалююць. Хвалюйцеся,
шаноўныя, бо жыццё не павінна быць шэрым
і прэсным. І ў сілах журналістаў тое
жыццё зрабіць цікавым ды разнастайным!
Васіліна
ВАЙТОВІЧ:
– “Сельская
праўда” сустрэла мяне ў няпросты час
рэарганізацыі. Так, гэты год для газеты
– перыяд пераменаў і новых рашэнняў.
Змяніўся знешні выгляд, але галоўнае
захавалася – рабіць якасна сваю справу,
прыслухоўвацца да пажаданняў чытачоў
і быць на вастрыі падзей. У Дзень друку
хочацца пажадаць чытачам заставацца
разам з намі, а калегам – мець паболей
крэатыву і творчых поспехаў!
Анатоль РОСТАЎ
Popularity: 1%