У мінулую пятніцу, 21 кастрычніка, мужчыны-таты адзначалі сваё свята — Дзень бацькі. У Жабінкаўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з гэтай нагоды ладзілася мерапрыемства “Бацька — галоўная сіла і апора”.
— Дзень таты — гэта не толькі нагода лішні раз выказаць павагу і падзяку роднаму чалавеку, але і правесці разам час, — заўважыла вядучая мерапрыемства Вольга РЭБЯКЕЎША.
На свята былі запрошаны пяць шматдзетных сем’яў на чале з татамі Яўгенам АНДРАСЮКОМ, Віталем КАЛЯДЗІЧАМ, Аляксандрам МАСЯШВІЛІ, Дзмітрыем ВЕНСКА і Аляксандрам СТРЭЧАНЕМ, якіх шчыра і з гонарам ахарактарызавалі дзеці. З іх слоў вынікала, што таты могуць усё: майстраваць, будаваць, гатаваць, у спартыўныя гульні гуляць. Разам са сваімі дзеткамі бацькі на выдатна выканалі заданні, падрыхтаваныя спецыялістамі тэрытарыяльнага цэнтра. І гузікі прышывалі, і сваіх дзяцей з завязанымі вачамі пазнавалі, і з сыночкамі-дачушкамі на руках прысядалі, і на пытанні з падвохам адказалі. Мужчыны пацвердзілі яшчэ раз, што годныя насіць ганаровае званне “тата” і што любая задача ім па плячы.
Цёпла павіншавала шматдзетных татаў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна МАРЫНІЧ.
— Невядома, што важней: ласка і любоў маці ці строгасць бацькі ў выхаванні дзяцей, — сказала Таццяна Васільеўна. — Быць бацькам — вельмі адказная місія. Тата — гэта палова свету для дзіцяці, яго імя фіксуецца ў імені па бацьку сына ці дачушкі. Дарагія бацькі, прымайце віншаванні і шчырыя пажаданні, каб дома вас сустракалі любячыя жонкі і ўсмешлівыя дзеці, каб быў мір ва ўсім свеце!
Да гэтых слоў далучыўся настаяцель храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы протаіерэй Сергій ПЕТРУСЕВІЧ. Ён павіншаваў мужчын з самым маладым святам у нашай краіне, заўважыў, што дагэтуль ім несправядліва ўдзялялася нашмат менш увагі, чым жанчынам. Са з’яўленнем Дня бацькі паводле ўказа Прэзідэнта Беларусі сітуацыя павінна вы-
раўняцца, таму што мужчына ў сям’і ад-казвае за дабрабыт, а жанчына — за захаванне сямейнага агменю.
— Мужчына — галава сям’і, — падкрэсліў айцец Сергій. — Пра гэта павінны памятаць і жонка, і дзеці ды заўсёды адчуваць моцную мужчынскую руку падтрымкі.
Завяршылася святоч-нае мерапрыемства він-шаваннем ад кіраўніка цэнтра Наталлі АДЗІНЕЦ. Наталля Уладзіміраўна ўручыла кожнай сям’і падарункі ад установы з пажаданнямі здароўя, цяпла, утульнасці, паразумення, кахання і згоды.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота Святланы КІСЛАЙ
Popularity: 1%