Вёскі звяжа гравійная дарога
Прыемная навіна для жыхароў Агароднікаў і Барздзілаў: у хуткім часе гэтыя вёскі звяжа гравійная дарога.
Работы па афармленні дарожнага палатна выконваюць рабочыя ПМК-19. Старшыня райвыканкама Вадзім КРАЎЧУК адзначыў, што неабходнасць развіцця дарожнай сістэмы на дадзеным участку абумоўлена імклівым развіццём сельскагаспадарчай галіны, а таксама патрэбамі жыхароў гэтых населеных пунктаў.
“Развіццё транспартнай лагістыкі ў дадзенай мясцовасці неабходна для фарміравання цэласнай камунікацыйнай сістэмы паміж важнымі сельска-гаспадарчымі аб’ектамі. Да таго ж дадзеная дарога дазволіць скараціць пад’язны час паміж вёскамі”, — рэзюмаваў кіраўнік раёна.
Абнаўляюцца прыпынкі
У Жабінцы на прыпыначным пункце ля першай гарадской школы будзе ўстаноўлены навес. У пачатку сёлетняга года кіраўніцтва раёна намеціла стратэгію па абнаўленні прыпыначных пунктаў у гарадской і сельскай мясцовасці. Напрыклад, былі мадэрнізаваны прыпынкі каля раённай бальніцы. Яны атрымалі найменні, новае афармленне, тут з’явіліся крэатыўныя туі.
Па меркаванні старшыні райвыканкама Вадзіма КРАЎЧУКА такія змены абнавілі знешні выгляд не толькі прыпынкаў, але і згаданага ўчастка вуліцы Кірава.
Вадзім Васільевіч адзначыў, што абнаўленне прыпыначнага пункта каля першай гарадской школы найперш створыць больш камфортныя ўмовы для дзяцей, якія дабіраюцца на вучобу на аўтобусе.
Сцяжына да “Шалаша”
На Жабінкаўшчыне плануецца стварыць партызанскую сцяжыну. Пра гэта заявіў старшыня райвыканкама Вадзім КРАЎЧУК падчас наведвання помніка “Шалаш” у Старасельскім лесе, дзе знайшлі апошні спачын партызаны атрада імя Міхаіла Чарнака, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941-1944 гадах. Кіраўнік раёна асобна адзначыў, што ў Год гістарычнай памяці рэалізацыя дадзенага праекта мае асаблівае значэнне. Па словах Вадзіма Васільевіча, неабходна рэалізоўваць новыя формы захавання аб’ектыўнай гістарычнай памяці пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны.
Адна з першачарговых задач — правесці маштабны суботнік, пазней стварыць партызанскую сцяжыну і макеты элементаў партызанскага лагера, асновай якіх стануць архіўныя крыніцы.
ЮБІЛЕЮ ПРАВАСЛАЎЯ ПРЫСВЯЧАЕЦЦА
У Ленінскай СШ прайшоў адборачны тур VI Афанасьеўскага інтэлектуальнага турніру сярод навучэнцаў нядзельных школ Жабінкаўскага дабрачыння, прысвечаны 1030-м угодкам прыходу праваслаўнай веры на беларускія землі. Турнір арганізавала моладзевае брацтва ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага. У інтэлектуальным спаборніцтве патрабавалася адказаць на 30 тэматычных пытанняў. У завяршэнне турніру юныя ўдзельнікі атрымалі падзякі, абразы навамучанікаў і спавядальнікаў беларускай зямлі і салодкія падарункі з рук сакратара Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення, дабрачыннага цэркваў Жабінкаўскай акругі протаіерэя Сергія ПЕТРУСЕВІЧА і старшыні аддзела па рабоце з моладдзю епархіі Паўла РАМАНОВІЧА. Адборачны этап вызначыў пяць навучэнцаў, якія складуць каманду нашага дабрачыння і прадставяць на епархіяльным узроўні 1 лістапада.
Popularity: 1%