Што ні дзень — кожны асаблівы. Аднак і сярод іх вылучаюцца самыя-самыя святочныя, нездарма іх завуць юбілейнымі. Паўвека таму стварылі сям’ю жабінкаўцы Генадзь Фядотавіч і Галіна Іванаўна ТУРЫЦЫНЫ.
Яны нарадзіліся далёка адзін ад аднаго, а сустрэліся ў Беларусі, каб жыць разам у радасці, дзяліць на дваіх любыя складанасці і доўга вандраваць шчасліва па жыцці.
І
Жаданне падарожнічаць прыйшло да Генадзя Турыцына ў маленстве. Ён — з тых, каго завуць “пасляваеннымі падранкамі”. Як спынілася ліхалецце, са свайго паходу вярнуўся бацька. Фядот Паўлавіч параненым трапіў у палон, зведаў многія здзекі. Самым яркім момантам у нядоўгім жыцці лічыў дзень вызвалення. Палонных чырвонаармейцаў канваіры пагрузілі на баржу, мабыць, знішчыць хацелі, ды пакідалі зброю за борт, як пабачылі, што набліжаецца амерыканскі карабель.
— Я ж худзенькі быў, як шчэпка, арганізму і хлебнай крошкі хапала, каб трымацца за жыццё, — гаварыў Фядот. — А яшчэ выжыў, бо ў хаце чакала вялікая сям’я.
Хутка жонка Наталля падаравала яму наймалодшае, шостае, дзіця — сына Генадзя. А потым таты не стала. Вайна ўсё ж дагнала — пакінула пасля сябе невылечныя раны ды сухоты, і мужчынскія справы ляглі на плечы ўдавы ды сірот: Ніны і Дусі, Юлі і Паліны, Валодзі ды Генкі.
Жылі яны ў Башкірыі, у вёсцы Мацвееўка. Вандраваць Генадзь пачаў яшчэ са школы: першыя чатыры класы адвучыўся ў роднай вёсцы, да 8-га штодня хадзіў за 7 км у сяло Есаул, а заканчваў дзесяцігодку за 15 кіламетраў, у Труне. Родныя, хоць і было вельмі цяжка, далі хлопцу адукацыю. З гонарам вяртаўся ён дамоў з атэстатам, бо адзіны на ўсю Мацвееўку скончыў сярэднюю школу, стаў самым пісьменным у сяле.
У 1961-м многія мацвееўскія мужыкі-механізатары паехалі на цаліну. Выбралася ў Казахстан і маці. Атрымаўшы адукацыю, сын таксама да яе паехаў, ды раптам атрымаў ліст з дому. Пісала сястра Юлія: “У нас настаўнікаў не хапае, ты ж, Гена, пісьменны — школу закончыў, вяртайся”.
Гэтак за дзень да свайго 17-годдзя Генадзь Турыцын атрымаў на рукі загад з пячаткай і подпісам, а ў ім чорным па белым: быць табе, хлопча, настаўнікам арыфметыкі ў школе ў пасёлку Верх! Гэтак хударлявы юнак трапіў у “мядзведжы кут”, бо ў тым Версе вяршыняй жыцця было месца ў бараку, дарослыя працавалі ў леспрамгасе, а дзеці і блізка не зналі, што такое дысцыпліна і парадак. Аўтарытэт малады настаўнік зарабіў турызмам, сваім прыкладам, як Антон Макаранка.
— Дзяцінства маё прайшло ў цудоўных мясцінах, на беразе рэчак Кутмас і Цюльгус. У іх чыстай вадзе вадзіліся харыусы. Дно было празрыстае, як шкло чыстае. І наваколлі былі казачныя. Потым па гэтых разведаных мясцінах неаднойчы вадзіў дзяцей, — успамінае знаны турыст Турыцын.
ІІ
На тры гады і тры дні ад цывільнага жыцця яго адарвала армія. Давялося будаваць сакрэтныя аб’екты, асвоіць спецыяльнасць зваршчыка, жыць у намётах нават узімку. Гэта моцна загартавала.
Вяртаўся Генадзь ужо да маці ў Казахстан. Калі ў мясцовым райкаме партыі даведаліся, што ён адукаваны, у школе працаваў, у войску адслужыў, дык адразу накіравалі ў райцэнтр Ясіль, дзе месцілася ПТВ будаўнікоў. А насамрэч — гэта была сапраўдная Рэспубліка ШКІД з так званымі цяжкімі дзецьмі.
Нават пасаду далі гучную ПомПоКуВоР — памочнік па культурна-выхаваўчай рабоце. Але ж у ПТВ ні пасада, ні турызм не спрацавалі, і з наступнага навучальнага года настаўнік перайшоў у сярэднюю школу, дзе выкладаў матэматыку і стаў класным кіраўніком сапраўды непаўторнага 6 “Б”. Не адразу ўсё склалася. І тут патрабавалася змагацца за дысцыпліну. Самых зацятых, хуліганістых у студзені 1970-га Генадзь Фядотавіч узяў у паход. Гэтак нарадзіўся турклуб “Брыганціна”.
— Трэба было бачыць, як змяніліся дзеці! — успамінае суразмоўца. — Хлопчыкі, якія раней на злом галавы беглі з урокаў, цяпер затрымліваліся ў школе, сталі лепш вучыцца і марыць пра наступныя падарожжы. А летам зарабілі грошы на сур’ёзны паход і рушылі ў Башкірыю і Пермскі край.
Многія дзеці, як і іх настаўнік, паходзілі з тых мясцін. Шмат адбывалася цікавага.
— Быў выпадак: скончыўся ў нас хлеб, — прыгадвае Турыцын. — Даю компас і стаўлю задачу: за тры кі-ламетры — башкірскае сяло. Мае юныя турысты пайшлі і вярнуліся ні з чым, бо магазін аказаўся зачынены. Але ж мясцовыя пацікавіліся, скуль яны, што хочуць? І вечарам падыходзіць да кастра башкір. Ён зірнуў на аднаго, вітаецца: “Добры дзень, Ганішчаў-малай (гэта значыць, сын Ганішчава)”. А другому кажа: “Добры дзень, Макараў-малай”. І да мяне: “І вам добры дзень, Фядота Паўлавіча-малай”. Відаць, мы так былі падобны на сваіх бацькоў, што ён нас усіх адразу пазнаў. Госць з кожным павітаўся і дадаў: “А я пасля вайны ў Мацвееўцы кароў пас, вельмі сябраваў з вашымі бацькамі. Жыў бедна, яны мне дапамагалі. Я чуў, у вас хлеба няма. Дык я вам хлеба, мяса, іншага шмат прывёз. Сталуйцеся”. Так жылі пасля вайны, адзін другому дапамагалі і не зважалі, якога ты роду-племені — галоўнае, каб быў чалавекам харошым…
ІІІ
У хуткім часе біяграфія Генадзя Фядотавіча зноў зрабіла моцны паварот, можна сказаць, лёсавырашальны. Прага да падарожжаў на гэты раз паклікала на Урал, а затым у Беларусь. Вядома, са школы адпускаць не хацелі, бо ў яго шмат чаго атрымлівалася. Ён любіў і паважаў дзяцей, і тыя плацілі падобнай манетай. Аднак даведаўся, што ў Магілёве ідзе ўсесаюзны набор у школу транспартнай міліцыі. Захацелася перамен у жыцці.
Першае, што ўразіла, калі ехаў у Беларусь, — гэта пявучы говар мясцовых жанчын, які пачуў у цягніку. Хутка пазнаёміўся з магілёўскімі турыстамі. Як гаворыцца, рыбак рыбака… І дабіўся, каб кожную сераду яго адпускалі на курсы падрыхтоўкі інструктараў па турызме.
У Магілёве Генадзь сустрэў і сваё каханне. Галінка спадабалася адразу: вочкі карыя, уся такая гожая, гаваркая. Яна стаяла ў… гумовых чобатах ды хустачцы і ўсміхалася. Дзяўчыне ён таксама прыйшоўся даспадобы, хоць і падаўся спачатку надта суровым ды старым. Пачалі сустракацца. Але ж служба бывае разлучніцай. Вясной 1972 года, калі ў Маскву прыязджаў амерыканскі прэзідэнт Ніксан, давялося Генадзю Турыцыну ехаць у сталіцу на ўзмацненне. А як вярнуўся, не застаў дзяўчыну ў Магілёве.
— Дзе дзелася? — па-дзелавому спытаў у сябровак.
— Паехала працаваць дамоў у Іва-цэвіцкі раён.
Маладзён кінуўся наўздагон і ўжо ўвечары завітаў да сваёй Галіны. Яна і цяпер смяецца:
— У мяне хапала кавалераў, ды прыехаў міліцыянер і ўсіх жаніхоў разагнаў. А потым яшчэ лісты пісаў. Дасюль у хаце ляжаць. Такую цёплую і шчырую памяць заўсёды берагчы трэба.
Распісаліся 15 кастрычніка 1972 года ў сельсавеце. Малады быў у форме, маладая пайшла пад вянец таксама ў простым строі. Ніякіх сённяшніх пышных убораў і блізка не было. Аднак ці ў адзежы галоўнае? Бывае, і простай сукенкі хапае, каб паўвека ісці рука аб руку па жыцці.
Першым месцам службы для Турыцына стаў Пермскі край. Туды і жонку перавёз, там і першаніца Ірына нарадзілася. Затым на свет прыйшоў і сын Валодзя.
Малады міліцыянер нават паспеў вызначыцца пад Новы 1974 год, калі затрымаў гвалтаўніка і атрымаў па-дзяку, падпісаную самім міністрам Шчолакавым.
IV
Пасля заканчэння міліцэйскай службы Генадзь Турыцын прысвяціў сябе будаўнічай прафесіі. Давялося папрацаваць нават з будучым Героем Беларусі Пятром Пракаповічам.
А сорак пяць гадоў назад у жыцці Турыцыных з’явілася Жабінка. Якар свайго сямейнага карабля яны кінулі на самым беразе Мухаўца, на вуліцы Рачной.
Гаспадар сям’і меў ужо шмат ведаў, вопыту, дый энергія біла праз край. Хацелася быць патрэбным, і ў адзін прыгожы дзень зноў паклікала школа. Тагачасная загадчык райана Ніна Парфянюк узяла Генадзя Фядотавіча настаўнікам працы ў СШ № 1, а яшчэ прапанавала весці турыстычны гурток у Доме піянераў. Ён і цяпер — вядомы не толькі ў Жабінцы, але і іншых мясцінах турыст.
І ўвесь гэты час побач з ім — верная спадарожніца Галіна Іванаўна. Яна прысвяціла сябе культуры, шмат часу ўзначальвала Жабінкаўскі ГДК. І нават цяпер не можа развітацца з песняй, асабліва духоўнай, бо кіруе хорам у старажытным Свята-Мікіцкім храме.
Свой прычал яны знайшлі ў доме ля ракі, куды прыязджаюць госці з розных краёў. Але самыя чаканыя — дачка і тры ўнучкі. Найстарэйшая Хрысціна адначасова вучыцца на правазнаўцу і працуе ў гэтай сферы. Ніна таксама асвойвае законы краіны ў “пушкінскім” універсітэце, а яе сястра Сафія — пакуль ліцэістка.
Сёння на сямейным календары Генадзя Фядотавіча і Галіны Іванаўны сапраўды чырвоны дзень. На ім зіхаціць залаты юбілей, які Турыцыны сустракаюць у атачэнні родных і блізкіх у Жабінкаўскім загсе.
У прыгожае свята — ад світання да змяркання — усе самыя лепшыя словы адрасуюцца залатой пары. Мабыць, нездарма гэты год урадлівы. Багатая восень кожнаму дарунак прыносіць: аднаму даўгалецце, другому пачуццяў суквецце, трэцяму чароўны яблык на талерачцы, здольны выконваць ўсялякія пажаданні.
Сённяшнія юбіляры ўсё гэта маюць і іншым мець жадаюць.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Popularity: 1%