Першы храм у Булькове

Храмы, як людзі, маюць свой лёс, часам вельмі няпросты, перыядамі трагічны. 20 верасня споў-нілася 405 гадоў, як упершыню клопатам князёў Масальскіх у сяле Булькова паўстала драўляная царква. Успенскі храм з восені 1617-га на працягу двух з паловай стагоддзяў сваімі званамі заклікаў вернікаў на службу. У другой чвэрці ХІХ стагоддзя царква састарылася, прыйшла ў нягоднасць. На яе месцы прыхаджане пабудавалі новы каменны дом Божы. Другі храм праіснаваў да Вялікай Айчыннай вайны, калі быў разбураны ў агні. Толькі ў 90-я гады мінулага стагоддзя ён быў адноўлены і сёння з’яўляецца адной з самых прыгожых цэркваў Жабінкаўшчыны.

Тэму падказаў Год гістарычнай памяці

Насычаным атрымаўся тыдзень для гісторыка, журналіста і пісьменніка Анатоля БЕНЗЕРУКА, паколькі верасень прыносіць шмат знакамітых дат, пра якія патрэбна ведаць, асабліва ў Год гістарычнай памяці. Так, 16 верасня даследчыка мінулага чакалі ў аддзеле МНС, дзе жабінкаўскія агняборцы з цікавасцю слухалі пра гісторыю роднага краю, разглядалі старыя фота, што пераносяць нас на дзясяткі гадоў назад. Затым Анатоль Расціслававіч выступіў перад вучнямі першай гарадской школы, якім нагадаў пра значнасць дзяржаўных святаў, прынамсі Дня народнага адзінства, расказаў аб лёсе вёскі Драмлёва і воіна-афганца Валерыя МІГЕЛЯ, прачытаў вершы паэта і празаіка Расціслава БЕНЗЕРУКА. Нарэшце, 22 верасня адбылася сустрэча пісьменніка ў Маціевіцкай базавай школе. Тэму для выступлення, як заўжды, падказаў Год гістарычнай памяці.

“Сапсаваныя кнігі”

Гэтак у ХVІІІ стагоддзі называлі выданні, на якіх пісьменнікі або чытачы пакідалі свае аўтографы. А вось праз вякі такія “сапсаваныя кнігі” лічацца самымі дарагімі. Уявіце, колькі каштуе зараз твор Пушкіна ці Шэкспіра з аўтарскім надпісам! Пра гэта цудоўна разумеюць нашы бібліятэкары, таму і збіраюць калекцыю аўтографаў. Нядаўна яна папоўнілася яшчэ трыма выданнямі: “Антычнае мастацтва. 7 клас”, “Мастацтва. Айчынная і сусветная мастацкая культура для 8 класа” і “Мастацтва першабытнага грамадства і старажытных цывілізацый для 7 класа”. Аўтар гэтых навучальных дапаможнікаў — Святлана ФІЛІМОНАВА. Жабінкаўцы ведаюць яе больш як жонку Уладзіміра ВАРАБ’ЁВА — стваральніка мемарыяла “Драмлёва”. Аднак і сама Святлана Васільеўна надзвычай таленавіты чалавек, слынны педагог з Мазыра. Яе працы, з якімі цяпер можна пазнаёміцца ў раённай бібліятэцы, безумоўна, будуць цікавымі і карыснымі для нашых настаўнікаў.
Антон БЕРАСТОК

Popularity: 1%