У апошнія месяцы пачасцілася разбіраць справы аб крадзяжах металічнага лому. Бо спрытныя людзі зразумелі, што і на жалезе можна нажыцца. Вось і цягнуць усё, што дрэнна ляжыць, каб здаць і грошы ў сваю кішэню пакласці.
Напрыклад, абвінавачваемы Сяргей Ш. з выкарыстаннем пласкагубцаў, якія былі сродкам здзяйснення злачынства, забраўся ў гаспадарчую пабудову, размешчаную паблізу гаражнага кааператыва на вуліцы Заводскай у нашым райцэнтры. Адтуль разам з Мікалаем К., якому Сяргей не паведамляў аб характары свайго дзеяння, перанеслі і паклалі ў прычэп мотаблока 15 труб і металічны стол. Усе гэтыя рэчы належалі Анатолю З. Такім чынам, адначасна той панёс страты на агульную суму ў 150 беларускіх рублёў.
Пасля зламыснікі заехалі ў гараж, дапоўнілі прычэп жалезам, якое было ў Сяргея, і завезлі ў пункт прыёму металалому. Праз некалькі дзён пацярпелы Анатоль З. выявіў прапажу і звярнуўся па дапамогу да праваахоўнікаў. Калі дайшла да Сяргея вестка, што міліцыя шукае трубы, ён прыйшоў да Анатоля, прызнаўся ў крадзяжы і кампенсаваў яму страты.
Пры назначэнні пакарання раённы суд улічваў характар і ступень грамадскай небяспекі злачынства, абставіны яго здзяйснення, асобу абвінавачваемага і гэтак далей. Вядома, чыстасардэчнае раскаянне ў сваім учынку і добраахвотная кампенсацыя стратаў, нанесеных пацярпеламу, прызнаны змякчаючымі ўмовамі.
Улічваючы абставіны справы і асобу вінаватага — тое, што ён мае пастаяннае месца жыхарства, суд прыйшоў да высновы, што мэты крымінальнай адказнасці могуць быць дасягнуты без ізаляцыі абвінавачваемага ад грамадства, а для яго перавыхавання дастаткова пакарання ў выглядзе штрафу.
На аснове часткі 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Сяргей Ш. аштрафаваны на трыццаць базавых велічынь, альбо амаль на тысячу рублёў. Гэта яшчэ раз пацвярджае народную думку: не бяры чужога і спі спакойна! Бо колькі ні крадзі, колькі вяровачцы ні віцца — канец будзе… І найчасцей для злодзея гэты канец будзе невясёлы.
Людміла РУБАШЭЎСКАЯ, суддзя суда Жабінкаўскага раёна
Popularity: 1%