Каля трох дзясяткаў юнакоў і дзяўчат з Жабінкі і Брэста 11 лютага паўдзельнічалі ў сумесным форуме. Мерапрыемства дазволіла ўпэўніцца: маладзёжныя ініцыятывы надзейна яднаюць горад над Бугам з яго спадарожнікам.
— У цесным супрацоўніцтве з Брэстам рэалізуецца шэраг праектаў, — заўважыў па выніках сустрэчы кіраўнік Жабінкаўскага раёна Вадзім КРАЎЧУК. — Супрацоўніцтва моладзі — адна з такіх ініцыятыў. Знамянальна, што ў Год гістарычнай памяці юнакі і дзяўчаты наведалі знакавыя для нас мясціны.
Сярод удзельнікаў былі тыя, хто праявіў сябе ў дабрачынных акцыях, дапамагаючы дзецям-сіротам і пажылым, хворым і адзінокім людзям, паспяхова паўдзельнічаў у прафесійных конкурсах і фестывалях, вызначыўся ў навукова-практычных конкурсах і зарэкамендаваў сябе ў працы студатрадаў. Ініцыятарамі сустрэчы сталі першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ Кацярына АНДРАСЮК і інспектар аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Уладзіслаў ДЖЫГІЛА.
Для маладых людзей адкрыліся цікавыя старонкі мінулага Жабінкаўшчыны. Дзеля гэтага яны найперш пабывалі ў Малых Сяхновічах, дзе ўжо дзесяць год месціцца раённы гісторыка-краязнаўчы музей. У яго светлых залах юнакі і дзяўчаты не толькі даведаліся пра лёс роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, гісторыю Жабінкі і наваколляў, але й змаглі літаральна дакрануцца да мінулага. Прынамсі, пабачыць, як нашы бабулі-прабабулі стваралі ходнікі, і нават паспрабаваць сябе ў гэтым рамястве. Экскурсію для гасцей правяла дырэктар музея Святлана ЦАРУК.
Наступным месцам кранальнай сустрэчы стаў мемарыяльны комплекс “Драмлёва”. Гісторык, пісьменнік і журналіст Анатоль БЕНЗЯРУК падрабязна расказаў маладым, якім трагічным стаў ранак 11 верасня 1942 года, калі мірная вёска патанула ў агні і дыме разам з жывымі людзьмі. Пасля вызвалення Драмлёва не адрадзілася — стала адной са 186 беларускіх Хатыняў, якія зніклі назаўжды з зямлі, але засталіся ў нашай памяці.
Жабінкаўцы заўсёды вызначаліся і сваёй працай. У гэтым упэўніцца кожны, хто пераступіць парог цікавага музея на вуліцы Міру, на тэрыторыі ПМК-19. Удзельнікам форуму таксама пашчасціла далучыцца да гісторыі асваення і меліярацыі Палесся. Пра тое, як чалавек пакрысе адваёўваў зямельныя абшары ў багны, асвойваў іх, каб багацела хлебная ніва, падрабязна распавёў стваральнік музея і сённяшні яго дырэктар Пётр ВАЙНОЎСКІ. Госці пабачылі не толькі экспанаты, размешчаныя ў музейных залах, але і шматлікую меліярацыйную тэхніку, якую пры стварэнні ўстановы збіралі ў розных раёнах вобласці.
А далей, пасля горада-спадарожніка, юнакоў і дзяўчат чакаў Брэст. Тут для іх расчыніліся дзверы музея горада над Бугам, дзе беражліва захоўваюцца экспанаты, што праліваюць святло на 1000-гадовую гісторыю Берасця — Брэст-Літоўска — Брэста-над-Бугам.
Лагічным завяршэннем форуму стаў адкрыты дыялог. Яго маладыя ладзілі з кіраўніком Брэста Аляксандрам РАГАЧУКОМ і старшынёй Жабінкаўскага райвыканкама Вадзімам КРАЎЧУКОМ на сустрэчы ў Брэсцкім гарвыканкаме. Падсумоўваючы яе вынікі, Аляксандр Сцяпанавіч зазначыў:
— Абмеркавалі мноства тэм, у тым ліку пытанні развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва Брэста і горада-спадарожніка, дзейнасці студэнцкіх атрадаў, працаўладкавання моладзі на ўзвядзенні дзіцячага сада ў Жабінцы.
І што вельмі істотна: прапанавалася, што ў Год гістарычнай памяці жабін-каўскія школьнікі па прыкладзе юных берасцейцаў будуць несці Вахту Памяці ля Вечнага агню, які ўжо паўвека палае ў Брэсцкай крэпасці.
Анатоль РОСТАЎ
Фота Святланы КІСЛАЙ
Popularity: 1%