Днямі ў ГДК прайшоў юбілейны — дзясяты — справаздачна-выбарчы сход ветэранскай арганізацыі Жабінкаўшчыны. Каб абмеркаваць свае справы за мінулую пяцігодку, на сустрэчу сабраліся прадстаўнікі адной з найбольш масавых суполак раёна. Са справаздачай выступіў яе кіраўнік Анатоль Старыцкі.
Актыўныя насуперак гадам
Жабінкаўская раённая арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ў сваім складзе мае больш за шэсць тысяч чалавек, аб’яднаных у 31 пярвічку. Нездарма кажуць: “Не старэюць душой ветэраны”. Нягледзячы на ўзрост, яны актыўныя па жыцці.
Справаздачны перыяд выдаўся багатым на важныя грамадска-палітычныя падзеі і адметныя даты. Найперш гэта мясцовыя, парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, у якіх, як адзначыў Анатоль Аляксандравіч, прадстаўнікі ветэранскага руху прынялі істотны ўдзел. Яны не толькі былі сярод зборшчыкаў подпісаў, накіроўвалі сваіх назіральнікаў на ўчасткі, але і вылучаліся ў склад выбарчых камісій. Заўважым, што ў раёне ветэраны складаюць амаль трэць электарату, а таму іх удзел як выбаршчыкаў надзвычай прыкметны.
Краіна адзначыла 75-я ўгодкі вызвалення і Вялікай Перамогі, ветэранская грамадскасць адсвяткавала 30-годдзе ўтварэння сваёй арганізацыі. Ніводная з адметных дат не засталася па-за ўвагай людзей старэйшага пакалення. Шматлікія мітынгі, акцыя “Бессмяротны полк”, збор зямлі з воінскіх пахаванняў на Жабінкаўшчыне — далёка не вычарпальны спіс спраў, якія ладзілі ветэраны ў тыя дні. Дарэчы, капсула з зямлёй была ўрачыста перададзена на захаванне ў сталічны сабор Усіх Святых.
У 2018-2020 гадах на Брэстчыне праводзіўся агляд-конкурс на лепшую ветэранскую пярвічку. Раённая камісія прызнала найлепшай арганізацыю дыстанцыі пуці, якую ўзначальвае Віталь Гардзейчык. Да слова, калі Віталю Мікалаевічу далі слова, ён коратка пазнаёміў з асаблівасцямі сваёй пярвічкі, адметнасць якой у тым, што яе сябры жывуць ажно ў дзесяці раёнах вобласці. І пры гэтым з дапамогай адміністрацыі дыстанцыі ніхто з людзей паважанага ўзросту не адчувае сябе забытым, тым больш пакрыўджаным. Дзеля гэтага пуцевікі маюць адпаведную праграму “Клопат”, якая дазваляе акаляць павагай кожнага, хто аддаў гады жыцця іх справе.
Найбольш актыўныя ўдзельнікі ветэранскага руху ў раёне за сваю працу маюць высокія рэспубліканскія адзнакі. Так, Ганна Пракопаўна Давыдоўская стала Ганаровым ветэранам Беларусі, а Васіль Міхайлавіч Шышчыц, які каля трох дзясяткаў гадоў узначальваў раённую арганізацыю, — Ганаровым старшынёй.
Вельмі важным момантам у жыцці Жабінкаўшчыны стала стварэнне ў 2016 годзе Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, райкамам БРСМ і ветэранскай арганізацыяй. На тое, дарэчы, звярнула ўвагу і намеснік старшыні райвыканкама Іна Тарасевіч, якая прысутнічала на сходзе ў якасці запрошанага госця. Прынамсі, Іна Уладзіміраўна падкрэсліла, што “сапраўдная наша сіла ў адзінстве вопыту паважаных ветэранаў, дзейнасці сяброў прафсаюзаў і будучыні, якую заўсёды прадстаўляе моладзь”.
Помнік — ад слова “памяць”
Яшчэ адзін прыкметны накірунак працы арганізацыі — гэта клопат пра захаванне гістарычнай спадчыны.
Штогод прадстаўнікі ветэранскай суполкі сумесна са спецыялістамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, ваеннага камісарыята, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі вывучаюць стан помнікаў і воінскіх пахаванняў. Як гаворыцца, “гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым”. Бо, на жаль, у раёне засталіся адзінкі тых, хто бачыў ліхалецце ў твар, а маладым патрэбна перадаваць памяць пра тыя падзеі.
Дакладчык заўважыў, што ў гэтым пытанні ёсць яшчэ над чым працаваць. Напрыклад, трэба акцэнтаваць увагу на добраўпарадкаванні індывідуальных могілак, дзе пахаваны воіны-вызваліцелі. Штогод гэта робіцца напярэдадні чароговай гадавіны Вялікай Перамогі. У высакароднай справе бяруць удзел прадстаўнікі ўсіх пакаленняў, арганізацыі, якія з’яўляюцца ўласнікамі помнікаў, школьныя калектывы.
Як вядома, з 2014 года існуе званне “Ганаровы грамадзянін Жабінкаўскага раёна”. Прычым, тройчы яно прысвойвалася па хадайніцтву ветэранскай арганізацыі, што сведчыць, на думку Анатоля Старыцкага, “не толькі пра аўтарытэт асобных нашых ветэранаў, але й арганізацыі ў цэлым”.
Сумесна — да адзінай мэты
Сярод тых, з кім ветэранскай арганізацыі даводзіцца працаваць, так бы мовіць “у моцнай звязцы”, — тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнанага абслугоўвання насельніцтва. Гэта і ўдзел у спаборніцтвах па красвордзінгу, і ў гульні “Што? Дзе? Калі?” у Кобрыне. Прычым, жабінкаўцы заўсёды выступалі нядрэнна, а Вера Пятроўна Мандрэнка нават заняла другое месца ў разгадванні красвордаў.
Аднак найбольш значны супольны праект — удзел у 2017 годзе ў міжнародным конкурсе ініцыятыў, скіраваных на прасоўванне здаровага ладу жыцця і прафілактыку неінфекцыйных захворванняў. Сярод 125 заявак, пададзеных на конкурс, праект жабінкаўцаў увайшоў у сямёрку пераможцаў, атрымаў грант Еўрасаюза, на працягу двух гадоў задуманае паспяхова рэалізоўвалася. Пра тое падрабязней распавяла загадчык аддзялення ТЦСАН Вольга Рэбякеўша. У выніку былі набыты камплекты палак для скандынаўскай хадзьбы, лыжы, веласіпеды, інвентар для гімнастыкі. (Пазней усё гэта перададзена ў раённы тэрытарыяльны цэнтр). Былі арганізаваны заняткі з пажылымі людзьмі, а вынікі праекта падведзены на Дні здароўя ў выглядзе спаборніцтваў па даступных для ветэранаў відах спорту. У гэтым мерапрыемстве, між іншымі, паўдзельнічалі каардынатары праекта Таццяна Снітко і Алена Буднік, старшыня раённага Савета дэпутатаў і раённага аддзялення Беларускага фонду міру Анатоль Шалтанюк, які пасадзейнічаў у набыцці прызоў для пераможцаў.
Анатоль Вітальевіч завітаў і на сённяшні справаздачна-выбарчы сход. Але цяпер з асветнай місіяй, прынамсі, расказаў прысутным пра работу народнага форуму, куды быў запрошаны ў якасці члена Савета Рэспублікі ад Жабінкаўшчыны.
Са свайго боку, Анатоль Старыцкі падзякаваў раённаму кіраўніц-тву за падтрымку арганізацыі. Таксама ён выказаў удзячнасць былым кіраўнікам ПМК-19 і ААТ “Рагазнянскі” Пятру Уладзіміравічу Вайноўскаму і Аляксандру Васільевічу Семенюку, які, на вялікі жаль, заўчасна пакінуў нас. У мерапрыемстве знайшлося месца і для хвіліны маўчання, калі кожны мог прыгадаць у цішыні імёны, твары і справы тых, каго не стала за апошнія пяць гадоў, што мінулі паміж справаздачнымі сходамі.
І ўсё ж жыццё працягваецца далей, ставіць новыя задачы, рухае ідэі наперад. Віталь Мікалаевіч Гардзейчык і Тамара Дзмітрыеўна Барысюк, якія бралі слова пасля завяршэння даклада, станоўча ацэньвалі працу арганізацыі, і сход з імі пагадзіўся. У выніку на наступную пяцігодку былі абраны кіруючы склад ветэранскай суполкі, якую зноў узначаліў Анатоль Старыцкі. Анатоль Аляксандравіч, а таксама Ірына Комлева і Віталь Гардзейчык будуць прадстаўляць наш раён на абласным справаздачна-выбарчым сходзе, які пройдзе ў сакавіку ў горадзе над Бугам.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Popularity: 1%