Хочаш праявіць талент фермера?

БРСМ сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, а таксама Расійскім саюзам сельскай моладзі запускае Міжнародную бізнес-гульню “Пачынаючы фермер”. У праекце некалькі этапаў, яго ўдзельнікамі можа стаць моладзь ва ўзросце ад 14 да 31 года. На абласным узроўні гульня праводзіцца ў завочным фармаце. Каб прыняць удзел, неабходна перадаць заяўку ў наш раённы камітэт ГА “БРСМ”, указаць склад каманды (да 5 чалавек) і прэзентаваць бізнес-ідэю ў фармаце слайд-шоу. Прадугледжана мноства намінацый: жывёлагадоўля, птушкагадоўля, рыбаводства і аквакультура, пчалярства; раслінаводства, садоўніцтва, ландшафтны дызайн; паляводства, агародніцтва; агратурызм; сельскагаспадарчая кааперацыя; вольная тэма. Рэспубліканскі этап будзе праходзіць вочна і запатрабуе абароны сваіх праектаў перад нацыянальным экспертным журы. Пераможцы будуць запрошаны для ўдзелу ў заключным этапе, які адбудзецца ў Расійскай Федэрацыі.

У госці да хвастатых

У чарговы раз на Жабінкаўшчыне праходзіла дабрачынная акцыя ў падтрымку бяздомных жывёл, якую ініцыявала педагог-арганізатар першай гарадской школы Яўгенія Дземідзюк. Вучні і прадстаўнікі раённага камітэта ГА “БРСМ” (актыўна паўдзельнічалі сябры клуба маладых спецыялістаў) сабралі для братоў нашых меншых вялікую пасылку, якую прывезлі ў кобрынскі прытулак для жывёл “SOS”. Сваю прадукцыю для добрай справы прадаставіў і наш камбікормавы завод. Разам з педагогам-арганізатарам у госці да хвастатых адправіліся валанцёры ўстановы Ганна Шчэрбін і Ганна Бусень, а таксама першы сакратар РК ГА “БРСМ” Яўген Мацюшын. Яны перадалі пушыстым жыхарам прытулку корм, вітаміны, некаторыя прадметы па доглядзе, а яшчэ, вядома ж, пагулялі з жывёламі, якім так патрэбны клопат і ўвага.

53 паправіліся, 634 на лячэнні, 13 смерцяў

Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя на 6 красавіка на стацыянарным лячэнні ў Беларусі знаходзяцца 634 чалавекі. У большай часткі пацыентаў захворванне працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме. Зарэгістравана 13 выпадкаў смерці тых, у каго шматлікія хранічныя захворванні былі ўскладнены каранавіруснай інфекцыяй.
Па стане на 6 красавіка ў нашай краіне праведзена больш за 40 тысяч тэстаў, накіраваных на выяўленне каранавіруса. Пасля праходжання лячэння выздаравелі 53 чалавекі.
У Брэсцкай вобласці з прыкметамі ВРІ шпіталізавана ў стацыянар 195 чалавек, якія прыехалі з краін, дзе зарэгістраваны выпадкі каранавіруснай інфекцыі, або былі ў кантакце з хворымі.

Пасеяны раннія яравыя

На Жабінкаўшчыне пасеяны 4200 гектараў аўса, ячменю, пшаніцы і зернебабовых. На чарзе — кукуруза, цукровыя буракі, грэчка, проса і соя. Іх пачнуць сеяць, як крыху пацяплее. А зараз актыўна кладуцца ў падрыхтаваную глебу зярняткі аднагадовых культур.

Popularity: 1%

Небяспечны кукурузны жук

Кукуруза — адна з найбольш ужывальных у свеце культур. Пры гэтым асноўнай праблемай пры яе вырошчванні становіцца пашкоджанне надзвычай небяспечным каранцінным шкоднікам — кукурузным жуком.
На сённяшні дзень у нашай вобласці ён зарэгістраваны ў Брэсцкім, Бярозаўскім, Маларыцкім, Кобрынскім і, на жаль, Жабінкаўскім раёнах. На Жабінкаўшчыне выяўлены два ачагі шкодніка ў ААТ “Ракітніца” на плошчы 24 га. Жукі псуюць мяцёлкі і слупкі жаночых суквеццяў, маладыя пачаткі, лісце. Пашкоджанні генератыўных органаў паніжаюць колькасць зярнятак у пачатку і ўраджайнасць. Аднак найбольшую небяспеку нясуць лічынкі, якія сілкуюцца каранямі кукурузы, што замаруджвае рост раслін, памяншае ўраджайнасць. Акрамя таго, лічынкі — пераносчыкі грыбковых, вірусных і бактэрыяльных захворванняў кукурузы.
У сувязі з гэтым распрацаваны комплекс каранцінных, арганізацыйных, агратэхнічных і хімічных мера-прыемстваў па абароне кукурузы ад гэтага масавага шкодніка. Асноўныя і абавязковыя меры наступныя: на працягу трох гадоў забараняецца нязменнае вырошчванне кукурузы; палі гэтай культуры павінны месціцца не менш чым за паўтара кіламетра ад каранціннай фітасанітарнай зоны; пасевы патрабуецца прыбраць ад дарог міжнароднага значэння.
Калі вы любіце вырошчваць кукурузу на дачы, ніколі не сейце яе на адным і тым жа месцы. Вяртайцеся да яго толькі праз 3-4 гады. У прамежкавы перыд пасадзіце там ячмень, пшаніцу, сланечнік, бульбу — культуры, якія непрыдатныя для развіцця лічынак заакіянскага госця. Пазбаўленыя паўнавартаснага харчавання кукурузныя чарвякі загінуць.
Вольга САВАСЦЯНЧЫК, вядучы аграном — дзяржаўны інспектар раённай дзяржінспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін

Popularity: 1%

Азяцкі. Чарнак у Старым Сяле — знакавае прозвішча. Носьбіты яго праслаўлялі край і на вайне, і ў мірных справах. Вось і цяпер прыемнай навіной падзяліўся дырэктар Старасельскай школы Дзмітрый Чарнак: на абласным этапе алімпіяды па геаграфіі дыплом ІІ ступені заваяваў дзесяцікласнік Андрэй Чарнак (да слова, малодшы брат Дзмітрыя Мікалаевіча). Вучня чакаюць іспыты рэспубліканскага ўзроўню. Асобная падзяка настаўніцы Святлане Дарашук, якая падрыхтавала юнака да адказных інтэлектуальных выпрабаванняў.
Жабінкаўскі. Тая частка сельсавета, якую завуць “якаўчыцкай зонай”, здаўна і па праве ганарыцца сваімі земляробамі. У ліку найлепшых яркай зоркай прапісана прозвішча механізатара тагачаснага калгаса “Прамень”, нараджэнца вёскі Пруск Мікалая Ахрымука. Гэтай вясной рупліваму працаўніку споўнілася б 90 гадоў. У 1960-я Мікалай Феадосьевіч атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, а па выніках дзявятай пяцігодкі (у 1971 годзе) на яго грудзях зазіхацела і вышэйшая ўзнагарода Савецкай краіны — ордэн Леніна. Памёр слынны земляроб у 65-гадовым узросце ў роднай вёсцы.
Крыўлянскі. Чарговы юбілей адзначыла Крыўлянская сярэдняя школа. Яна адчыніла свае дзверы для хлопчыкаў і дзяўчынак 1 красавіка 1975 года. За чатыры з паловай дзясяткі гадоў навучальная ўстанова выпусціла на жыццёвую дарогу нямала таленавітых і адораных людзей. Кожнага, хто заходзіць сёння ў Крыўлянскую адзінаццацігодку, сустракае прыгожы двух’ярусны торт з… кніжак у холе ўстановы, упрыгожаны чацвёркай і пяцёркай. Так крэатыўна падышла да віншавання школы-юбіляркі бібліятэкар Валянціна Стасюк.
Ленінскі. У рамках месячніка па добра-ўпарадкаванні на тэрыторыі Ленінскага сельсавета праходзяць мерапрыемствы, падчас якіх наводзіцца парадак у месцах агульнага карыстання, воінскіх захаванняў і ля помнікаў, на тэрыторыях домаўладанняў і прылеглых да іх, а таксама тых, што замацаваны за прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі. Старшыня Ленінскага сельвыканкама Мікалай Лугаўскі звяртаецца да жыхароў сельсавета з просьбай, каб выкідвалі і вывозілі смецце на спецыяльныя пляцоўкі для цвёрдых камунальных адходаў і паклапаціліся пра чысціню на магілах сваіх родных.
Ракітніцкі. На пасяджэнні сельвыканкама на чале са старшынёй Валерыем Андраюком узнімалі некалькі актуальных пытанняў. У сваім выступленні ўрач агульнай практыкі Аляксандр Лінік паведаміў пра дзейнасць амбулаторыі, расказаў, якая работа праводзіцца з насельніцтвам у плане прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі. Трымаў слова і стараста Федзькавічаў Анатоль Ляшук. Вялікая ўвага надавалася тэме добраўпарадкавання. Гаварылі пра падрыхтоўку да рэспубліканскага суботніка, навядзенне парадку на тэрыторыі сваіх арганізацый, уласных падворках.
Сцяпанкаўскі. У сельсавеце вядзецца актыўная работа па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, падтрыманні парадку на тэрыторыі воінскіх захаванняў, ля помнікаў. Па словах старшыні Сцяпанкаўскага сельвыканкама Віктара Марковіча, днямі прадстаўнікі ўлады здзейснілі рэйд па тэрыторыі сельсавета і намецілі планы. “Важна не маштабнасць, а сістэмнасць і якасць працы па навядзенні парадку на тэрыторыі населеных пунктаў. У планах зрабіць наш край лепшым і прыгажэйшым”, — адзначыў Віктар Мікалаевіч і дадаў, што ў бліжэйшым будучым плануюць пасадзіць 20 дрэўцаў у мемарыяльным комплексе “Драмлёва”, а яшчэ ў хуткім часе ў аграгарадку Сцяпанкі з’явіцца дзіцячая пляцоўка. Матэрыяльна абяцала падтрымаць сельгаспрадпрыемства “Арэпічы”.
Хмелеўскі. Не засталіся ўбаку ад месячніка па добраўпарадкаванні і ў Хмелеўскім сельсавеце. Прыведзены ў парадак сквер у Падлессі, у кожным населеным пункце кіпіць работа па навядзенні парадку на зямлі: прыбіраецца смецце, спальваецца старое галлё.
Мясцовыя работнікі культуры таксама не сядзяць без справы. Народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” і ўзорны фальклорны калектыў “Дараносіца” рыхтуюць да Вялікадня святочную канцэртную праграму. Самадзейныя артысты пастаянна працуюць над абнаўленнем рэпертуару, таму гледачы пачуюць і новыя кампазіцыі, адна з якіх — “І зноўку я ў родным краі” — прысвечана Году малой радзімы. Юныя ўдзельнікі “Дараносіцы” парадуюць танцамі, спевамі і байкамі.
Гасцінныя хмелеўцы запрашаюць усіх на канцэрт, які адбудзецца 19 красавіка ў мясцовым СДК.

Popularity: 1%

Што стане з Беларуссю пасля каранавіруса?

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што глабальныя ігракі могуць скарыстаць сусветны крызіс, выкліканы ўспышкай каранавіруса, у сваіх мэтах.
«Любы палітык, а тым больш маёй пасады (я ж адказваю за мільёны людзей, і не толькі сваіх: у нас жа суседзяў нямала, жыццё якіх так ці інакш ад нас залежыць), павінен свае канкрэтныя тактычныя крокі звяраць з той стратэгіяй, якая магчыма», — адзначыў беларускі лідар. Паводле яго слоў, ужо сёння многія задумваюцца над галоўным пытаннем: што будзе пасля пандэміі каранавіруснай інфекцыі. «А ці не здаецца, што ўладныя людзі без вайны (Макрон гэта ўжо вайной назваў), праз гэты так званы каранавірусны псіхоз хочуць перадзяліць свет?» — спытаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яго непакоіць будучыня краіны, таму ён спрабуе глядзець далей. «Сёння ўсе ўжо адзначаюць: пасля пандэміі свет будзе іншым. І я з гэтым згодны, — заявіў ён. — Але дзе будзе наша месца ў гэтым свеце? Вось для мяне галоўнае пытанне. Не каронапсіхоз, не інфапандэмія. Гэта ёсць, але месяц-два — і пройдзе. Застанецца пытанне, дзе наша месца. І такое пытанне ўзнікне для ўсіх. І для багатых рэсурсамі Казахстана, Туркменістана, Таджыкістана, яшчэ больш — для Арменіі і Кыргызстана, Украіны і Літвы. Баюся, каб нас не перадзялілі без вайны», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле матэрыялаў БелТА

Popularity: 1%