Прафілактыка прыносіць плён

Анатоль РОСТАЎ.
Фота аўтара.

Пра тое, наколькі карыснай можа быць прафілактыка сярод даўжнікоў, вялася размова ў Крыўлянах падчас выязнога прыёму грамадзян, які праводзіў судовы выканаўца Аляксандр Крук.

ЗМЯСТОЎНАЯ РАЗМОВА адбывалася напярэдадні новага навучальнага года. Праводзілася яна ў рамках акцыі “Збяры дзіця ў школу — заплаці аліменты!”. Паколькі ні для кога не сакрэт: яшчэ ёсць, на жаль, гора-бацькі, што грэбуюць сваімі абавязкамі, пакідаючы ў бядзе родных крывіначак.
Пагэтаму неаднойчы
з вуснаў Аляксандра Аляк-сеевіча гучала горкае па сваёй сутнасці пытанне: як усё ж адносіцца да такога стану рэчаў, як працаваць дзяржаўным органам дый усяму грамадству з даўжнікамі, каб тыя ўзяліся нарэшце за розум, знайшлі сабе работу ды пачалі сплочваць пазыкі, набраныя звыш меры і ў дзяржавы, і ў фізічных асобаў?
Прыкметную ролю ў гэтым выконвае прафі-лактыка. На сустрэчы ў Крыўлянскім сельвыканкаме падкрэслівалася: усё ж маюцца грамадзяне (і іх нямала), хто жадае стаць на шлях выпраўлення. Задачу патрэбна вырашаць, як гаворыцца, усім светам. У гэтым праваахоўнікам неацэнную дапамогу можа аказваць грамадскасць. Дзякуючы менавіта агульным намаганням, напрык-лад, у Крыўлянскім сельсавеце апошнім часам прыкметна зменшылася колькасць даўжнікоў. Калі раней іх было прыкладна паўсотні, дык зараз гэтая лічба паменела напалову.
Размова ішла ў форме дыялогу. Гэта і не дзіўна, бо пытанні разглядаліся самыя што ні ёсць жыццёвыя. Так, жыхарка аграгарадка, што прыйшла на прыём, высвятляла ў судовага выканаўцы, якія абавязкі ўзнікаюць у пазычальніка, калі ён павінен сплочваць аліменты. З іншага боку жанчыну цікавіла, якімі правамі можа карыстацца яна ў якасці спагнальніцы аліментаў на карысць непаўнагадовага дзіцяці. Тлумачэннямі, што абапіраліся на нормы закону, грамадзянка задаволілася.
Увогуле, выязны прыём засведчыў: жабінкаўцаў цікавіць дзейнасць раённага аддзела прымусовага выканання. Цешыць, што колькасць асобаў, занесеных у рэестр даўжнікоў, прыкметна зменшылася апошнім часам.
Калі яшчэ гадоў пяць-шэсць таму спісы нядобрасумленных даўжнікоў па нашым раёне налічвалі некалькі тысяч прозвішчаў, дык цяпер у рэспубліканскім рэестры ўсяго каля 700 чалавек з Жабінкаўшчыны. Значыцца, у тым ліку і прафілактыка прыносіць свой станоўчы вынік.
На здымку: судовы выканаўца АПВ Аляксандр Крук за выкананнем сваіх службовых абавязкаў.

Popularity: 1%

Цёпла і… салодка

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
Не паспелі хлебаробы сабраць ураджай зерневых, як надышоў час уборкі салодкіх каранёў. На буракапрыёмных пунктах усіх чатырох перапрацоўчых прадпрыемстваў краіны (у Гарадзеі, Скідзелі, Слуцку, Жабінцы) створаны запас сыравіны на некалькі сутак, што дазволіла пачаць чарговы “салодкі” сезон у першыя дні верасня.
Не выключэнне і ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. У паветры ўжо разносіцца салодкі пах жому і патакі.
— Сёлета на Жабінкаў-шчыне сыравіну для мясцо-вага завода плануецца ўбіраць на 1220 гектарах, — каменціруе першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Кучынскі. — Па распрацаваным графіку мы пачнем капаць буракі з 20 верасня. Для гэтага ў раёне дастаткова спе-цыялізаванай тэхнікі. Напрыклад, буракаўбо-рачныя камбайны ёсць у ААТ “Мацеевічы” (“Rоpa”), “Рагазнянскі” і “Арэпічы” (“Кляйнэ”), “Вазнясенскі” і “Рагазнянскі” (“Холмер”). Цукровы завод, як звы-чайна, дапамагае тэхнікай, каб даставіць ураджай на перапрацоўку. Запланавана падключыць таксама вялікагрузныя машыны ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”. Кадраў і тэхнікі хапае.
Што можна сказаць аб ураджаі? Летась з кожнага гектара ў раёне накапалі 570-580 цэнтнераў з гектара і здалі на буракапрыёмны пункт каля 70 тысяч тон, яшчэ 10 тысяч тон вырасціла фермерская гаспадарка “Бярозка”. Ці паўторым поспех мінулага года, пакажа час. Пакуль віды на ўраджай неблагія, асабліва на палях “Вазнясенскага”, “Жабінкаўскага” і “Маце-евічаў”. Улічваючы нядаў-нія дожджыкі, бацвінне зноў пачало адрастаць, што спрыяе прыросту масы кораня, таму непасрэдна перад уборкай ураджайнасць можа “падрасці”.
А пакуль на наш завод спяшаюцца вялі-кагрузныя аўтамабілі і вагоны з салодкай сыравінай, якая вырасла на палях Кобрынскага, Баранавіцкага, Ляха-віцкага, Камянецкага, Драгічынскага, Пінскага, Пружанскага і Столінскага раёнаў. Аддача палёў розная — ад 263 да 429 цэнтнераў з гектара. На Жабінкаўшчыне гэтая лічба, мяркуецца, будзе не ніжэй за 500.

Popularity: 1%

Наканавана выжыць

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.

Сёння дзень асаблівы, пра такія гавораць: векапомны. І святочным яго цяжка назваць. Лепш сказаць: Дзень-рэквіем, Дзень памяці, калі з амвонаў згадваюць пра лёс Іаана Хрысціцеля, а на месцы колішняй вёскі Драмлёва — пра тых шматлікіх ахвяр, што панесла наша жабінкаўская зямля 77 гадоў таму.
ВЯДОМА, ЯК ПРАМАЎЛЯЕМ назву “Драмлёва”, найчасцей згадваем пра мірных жыхароў, закатаваных карнікамі на Галавасек 1942 года. Сёння ж размова пра драмлёўцаў, якія выжылі.
Цягам пяці гадоў, старанна вывучаючы дакументы, занатоўваючы ўспаміны сведкаў трагедыі 11 верасня 1942 года, пакрысе збіраў мазаіку таго трагічнага ранку. Вядома, найчасцей даводзілася расказваць пра загінулых у “вогненнай вёсцы”. Гэта было зразумела, паколькі патрабавалася, у тым ліку, высветліць колькасць ахвяр. У выніку яна склала 183 чалавекі. За гэты час назапашаны багаты матэрыял, і цяпер можна пра кожную спаленую сям’ю расказваць доўга і ў падрабязнасцях.
Аднак зараз — крыху пра тых, хто пазбегнуў расправы 11 верасня. У дзень, калі гарэла Драмлёва, жывымі з агню выйшлі падлеткі Міхаіл ДАНІЛЮК, Віталь ЧАХЛОЎ, Мікалай ЯРМАШУК і Дзмітрый ЮРАСІК. Пашчасціла ўратавацца таксама дзецям мясцовага паліцэйскага — Івану і Надзеі ГУДКО. Надзея была паранена ў шыю, хавалася на мажэйкаўскіх хутарах, пакуль дзяўчыну не адшукаў бацька. Зразумела, у спісы спаленых імя Надзеі не патрапіла. А вось яе брат Іван дасюль пазначаны на плітах помніка, змешчанага на Сцяпанкаўскіх могілках. Хоць дзякуючы архіўным звесткам вядома: пасля заканчэння Вялікай Айчыннай Іванаў след згубіўся недзе ў Германіі. Мо й цяпер ёсць на зямлі яго нашчадкі?
Акрамя названых, у жывых засталіся драмлёўцы, якія ў трагічны дзень па розных прычынах апынуліся ў іншых месцах: Валянціна АГАРАДНІЧУК (у замужжы Ялангава), Дзмітрый АГАРАДНІЧУК, Ефрасіння АГАРАДНІЧУК (Гаўрысюк), Іван (Хуан) АГАРАДНІЧУК, Іосіф АГАРАДНІЧУК, Марыя АГАРАДНІЧУК, Любоў АЛІЗАРКА (Іванюковіч), Ніна АЛЯСЮК (Канючка), Марыя ГАНЧУК, Антаніна ГУДКО, Максім ГУДКО, Мікалай ГУДКО, Сяргей ГУДКО, Вера ДАНІЛЮК (Крывец), Матрона ДАНІЛЮК (Алізарук), Аксіння ДЗЕНІСЮК (Мацкевіч), Вера КІСЛАЯ, Канстанцін ЛЯЎЧУК, Павел ЛЯЎЧУК, Еўдакія РАЗУМНІК (Кобец), Таццяна ТАЙКА, Домна ШАЎЧУК, Вера ЮРАСІК (Кулінчык), Вера ЮРАСІК (Купіч), Ефрасіння ЮРАСІК, Рыгор ЮРАСІК, Сямён ЮРАСІК, Пелагея ЯРМАШУК (Магер).
У пералічаным спісе — больш за тры дзясяткі асоб, аднак сёння спынімся толькі на адным, чые грудзі ўпрыгожылі баявыя ўзнагароды.
Мікалай Мікітавіч ГУДКО нарадзіўся ў 1915-м у Драмлёве. Як прыйшло вызваленне, летам 1944 года быў прызваны Жабінкаўскім райваенкаматам у Чырвоную Армію. Трапіў баец з палескай вёскі, якая ператварылася ў попел, на І-ы Украінскі фронт, у 1108-ы лёгкі артылерыйскі полк 168-й артылерыйскай ордэна Багдана Хмяльніцкага брыгады 4-й артылерыйскай дывізіі прарыву. Меў вялікае жаданне адпомсціць катам за страшную расправу. Якраз набліжаўся час гарачых баёў: з 13 снежня 1944 года па 11 мая 1945-га полк быў у дзеючай арміі. За адвагу, мужнасць грудзі Мікалая Мікітавіча напрыканцы вайны ўпрыгожыў медаль “За баявыя заслугі”, атрыманы ў баі пад вёскай Грос-Луя.
На здымку: драмлёвец Іван АГАРАДНІЧУК, які жыве ў Аргенціне, праз дзесяцігоддзі наведаў родны край, каб схіліць калені на месцы спаленай вёскі.

Popularity: 1%

Пра развіццё раёна і перапіс насельніцтва

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота аўтара.
На мінулым тыдні інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй райвыканкама Віталем Кулаком сустрэлася з калектывам раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Кіраўнік раёна азнаёміў прысутных з вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за першае паўгоддзе бягучага года, расказаў пра выкананне ключавых паказчыкаў, прааналізаваў, па якіх прычынах некаторыя не ўдалося выканаць. Асобна Віталь Уладзіміравіч спыніўся на сітуацыі на рынку працы — адным з хвалюючых пытанняў у рэгіёне. Ён адзначыў, што за шэсць месяцаў сёлета працаўладкаваны 122 чалавекі, у тым ліку 51 беспрацоўны. На перанавучанне накіраваны трое, для 18 беспрацоўных арганізаваны аплачваемыя грамадскія работы. На сённяшні дзень у раёне налічваецца 190 вакансій. Сярод іх не толькі рабочыя спецыяльнасці, але і прапановы для спецыялістаў.
Непадробную цікавасць ва ўдзельнікаў сустрэчы выклікала і тэма будаўніцтва жылля ды іншых аб’ектаў у горадзе-спадарожніку Брэста, інфраструктура якога бачна паляпшаецца.
Старшыня райвыканкама паведаміў, што ў хуткім часе чакаецца рэканструкцыя рынку на вуліцы Леніна. “Некаторыя павільёны-“будкі” псуюць агульны выгляд, — заўважыў ён. — Іх трэба мяняць на ралеты. І ўвогуле пераходзіць на новы ўзровень гандлю больш якаснымі таварамі, палепшыць абслугоўванне. Таксама ёсць папярэдняя дамоўленасць з фірмай “Маrk Formelle”, магчыма, неўзабаве ў Жабінцы з’явіцца іх магазін”.
Затым работнікі райЦГЭ мелі магчымасць задаць пытанні кіраўніку раёна. У прыватнасці, іх цікавіла, ці чакаецца ў бліжэйшы час грэйдзіраванне вуліц Лесапаркавай (яе працягу да Здзітава), Германовіча і Сонечнай у Жабінцы. Здзітаўцы не задаволены якасцю мабільнай сувязі і інтэрнэту. Іншыя звярнулі ўвагу, што каля пляцоўкі для варкаўта ў райцэнтры няма урнаў для смецця. Урач-гігіеніст Уладзімір Лапус узняў актуальнае пытанне рэалізацыі праграмы “Жабінка — здаровы горад”, комплексны план якой рыхтуецца на 2019-2024 гады. Уладзімір Ханонавіч звярнуўся да старшыні райвыканкама з просьбай пасадзейнічаць у заахвочванні тых, хто вядзе здаровы лад жыцця і будзе актыўна ўдзельнічаць у мерапрыемствах праграмы. Асобныя пункты ў ёй — прафілактыка тытунекурэння і ўжывання алкагольных напояў — тэмы актуальныя і надзённыя.
Затым выступіла намеснік начальніка аддзела статыстыкі Жабінкаўскага раёна Вераніка Гарус. Яна нагадала, што з 4 па 30 кастрычніка ў нашай краіне пройдзе чарговы перапіс насельніцтва. Яго адрозненне ад папярэдніх у тым, што грамадзяне змогуць самі і ў зручны для іх час адказаць на пытанні ў інтэрнэце. Другі спосаб — запоўніць апытальныя лісты на стацыянарных участках. Трэці — у сябе дома падчас вуснага апытання, якое правядзе перапісчык.
Скарыстацца першымі двума спосабамі можна бу-дзе, пачынаючы з 4 кастрычніка. Перапіс праз інтэрнэт прадоўжыцца па 18 кастрычніка. Гэта самы хуткі і зручны спосаб, падкрэсліла Вераніка Сяргееўна. Дадзеныя пра тое, як карыстацца праграмай, будуць апублікаваны пазней на інфармацыйных лістоўках, праз СМІ і смс-паведамленні.
З 19 па 20 кастрычніка пройдзе падлік рэспандэнтаў, якія запоўнілі анкеты ў інтэрнэце. Іх адрасы, як і адрасы сваякоў, за якіх запоўнілі перапісныя лісты інтэрнэт-карыстальнікі, будуць выключаны з пераліку для наведвання перапісчыкамі.
З 21 па 30 кастрычніка перапісчыкі апытаюць рэспандэнтаў па месцы жыхарства ці знаходжання. Стацыянарныя ўчасткі будуць адкрыты кожны дзень увесь перыяд перапісу.
Намеснік начальніка аддзела статыстыкі заклікала прысутных не ігнараваць такую значную для нашай дзяржавы падзею і прыняць актыўны ўдзел у перапісе.

Popularity: 1%