Нашчадак Астапа Бэндара
Знакаміты літаратурны герой быў гатовы пайсці на любую аферу для таго, каб здабыць грошай. Яго нашчадкі сёння для тых жа мэт імкнуцца прымяняць самыя сучасныя прыборы і метады.
Вось адзін, выкарыстоўваючы інтэрнэт-рэсурс “УКантакце”, размясціў аб’яву аб продажы красовак. Што, многа накупіў? Не, ён не меў і не збіраўся набываць цудоўны абутак. Аб’явіў, а раптам нехта і пералічыць 210 рублёў на яго банкаўскую карту?..
І што б вы думалі: знайшоўся Марк Г., якому закарцела праз інтэрнэт займець сучасныя красоўкі. Чакаў, чакаў, а не дачакаўшыся, звярнуўся ў міліцыю: маўляў, несумленны чалавек сваёй аб’яваю абвёў вакол пальца!
А хто тут вінаваты? Сам жа Марк са сваёй даверлівасцю. Цяпер таго спрытнюгу Бэндара будуць шукаць іншыя, бо ўзбуджана справа па частцы 1 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Аматары веласіпедаў
Толькі ў чэрвені тры гаспадыні пазбавіліся двухколых “машын”. На чатыры гадзіны ля будынка аптэкі паставіла Алена С. свой веласіпед “Аист” (па-беларуску гэта азначае “бусел”). А калі выйшла — веліка і след прастыў. Можа, “бусел” у вырай паляцеў?..
Другі аматар пакатацца забраўся ў падвальнае памяшканне ў доме на вуліцы Маладзёжнай і за нейкіх паўгадзіны скраў два веласіпеды, пакінуўшы Надзеі К. і Вользе Л. толькі ўспамін аб тым, што ў іх быў самы экалагічна чысты транспарт. Па ўсіх трох выпадках узбуджаны крымінальныя справы.
Будзь уважлівы, вадзіцель!
Правілы дарожнага руху заклікаюць вадзіцеляў, веласіпедыстаў ды пешаходаў быць дысцыплінаванымі, крайне ўважлівымі і ўзаемна ветлівымі на дарогах. Калі б вадзіцель аўтамабіля Сяргей Ш. прапусціў веласіпедыста Пятра М., які перасякаў праезную частку вуліцы, не адбылося б аварыі, а з ёю і шматлікіх цялесных пашкоджанняў.
Уладзімір В. кіраваў аўтапоездам “МАЗ6501А8” з прычэпам. На трасе ў раёне аграгарадка Ленінскі кіроўца здзейсніў наезд на пешахода Міхаіла А. У выніку дарожна-транспартнага здарэння таму былі прычынены цяжкія цялесныя пашкоджанні. У абодвух выпадках на вадзіцеляў узбуджаны Крымінальныя справы, прадугледжаныя часткай 2 артыкула 317.
Рэбры “палічыў”
Кажуць, калі Алег Я. з Жабінкі п’яны (а бывае ён пад “мухай” часта), лепей не чапай яго, а абыдзі ліха мірна-ціха, а то будзе табе тое, што Андрэю Б. Нешта не спадабалася Алегу ў Андрэевых паводзінах, дык заўзятар боек пусціў у ход не толькі рукі, але й ногі. Як кажуць у такіх выпадках, “пералічыў” апаненту рэбры, так што левыя восьмае і дзявятае аказаліся пераламанымі.
У адносінах Алега Я., згодна з Крымінальным кодэксам дзяржавы, узбуджана справа па частцы 1 артыкула 149. Можа, суд саб’е з яго хуліганскі пыл і прымусіць задумацца хлопца над сваімі паводзінамі.
Праспаў… тэлефон
Колькі разоў работнікі міліцыі папярэджваюць людзей зберагаць свае рэчы так, каб на іх не мог паквапіцца злачынец. Расказваюць і прыклады прыводзяць. Многия паслухаюць і рукой махнуць: гэта, маўляў, з расцяпаю было, а я не такі! Пасля горка плачуць, як і з імі падобнае здараецца.
Ехаў Ягор Т. цягніком “Гомель-Брэст”. Дарога доўгая, час позні. Варта паспаць. Уладкаваўся і заснуў, зусім не звяртаючы ўвагі на тое, што шыкоўны мабільны тэлефон навідавоку і можа прыцягнуць увагу некага нячэснага на руку.
Прачнуўся амаль праз шэсць гадзін, а мабільніка на месцы няма. Хто калі падышоў і прысвоіў сабе дарагую рэч (тэлефон “Huawei Mate 10 Lite” абышоўся Ягору ў 499 рублёў), засталося невядома. Можа, дагэтуль злачынец паспеў на нейкай станцыі сысці. Вось і шукай ветру ў полі!..
…І замок не перашкода
Уразны замок у дзвярах у Крыўлянах для злодзея не стаў перашкодаю. Злачынца пашкодзіў яго, залез у дом і вынес адтуль вадзяную помпу “Ручеёк” коштам 149 рублёў, 20-метровы шланг і кабель даўжынёй 15 метраў — разам яшчэ 100 рублёў. Такім чынам, Станіславу К. былі нанесены страты на 249 рублёў.
Па крадзяжы была ўзбуджана справа па частцы 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Злодзея, напэўна, трэба шукаць паблізу. Ім можа быць той, хто бачыў, як у гарачыню тая помпа палівае суседавы градкі, ці каму сам Станіслаў пахваліўся работай помпы.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Андрэй ЛАГОТА, начальнік райаддзела міліцыі.
Popularity: 1%