“Табе, Беларусь, у вяках красавацца…”

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Надыходзіць стагоддзе з таго памятнага дня, калі на беларускіх абшарах паўстала новае дзяржаўнае ўтварэнне — Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, што пазней атрымала назву БССР. Прыгожым дэвізам юбілею, што будзе адзначацца ў краіне 1 студзеня 2019-га, могуць стаць радкі: “Табе, Беларусь, у вяках красавацца — у славе, здабытай у бітвах і працы!” Сапраўды, на працягу ХХ стагоддзя краіна дасягнула многага і ў эканамічным, і ў культурным плане, але й зведала шмат выпрабаванняў, рэвалюцыйных і ваенных узрушэнняў. Пра тое, у якіх няпростых гістарычных умовах будавалася новая краіна, сённяшні наш расказ.
ПАГЛЫБІМСЯ Ў ТЫЯ далёкія дні, калі на руінах былой Расійскай імперыі стваралася маладая беларуская дзяржава.
Падмуркамі для яе ўзнікнення стаў тысячагадовы гістарычны досвед жыхароў нашай зямлі, на якой яшчэ з часоў Сярэднявечча існавалі Полацкае і Тураўскае княствы, Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Этнічную большасць у гэтых краінах складалі продкі беларусаў.
Своеасаблівай кропкай адліку фарміравання нацыянальнай дзяржаўнасці на савецкай аснове стаў Першы Усебеларускі з’езд, створаны напрыканцы 1917 года. У яго рэзалюцыі адзначалася: для беларусаў замацоўваецца “права на самавызначэнне, заваяванае Расійскай рэвалюцыяй”, што павінна прывесці да стварэння самастойнай дзяржавы. Але праца з’езда была сарваная, працэс заканадаўчага зацвярджэння беларускай дзяржаўнасці аказаўся перарваным. Аднак гэта важнае пытанне не было знята з парадку дня.
Спробаю абвясціць свету аб праве гэтых земляў на незалежнасць стала і абвяшчэнне ў сакавіку васямнаццатага Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак вырашальным крокам у самавызначэнні было рашэнне канферэнцыі беларускай секцыі РКП(б) напрыканцы 1918 года ў Маскве. 30 снежня ў Смаленску адкрыўся І з’езд Кампартыі Беларусі, які аднагалосна “абвясціў Заходнюю камуну самастойнай Сацыялістычнай Савецкай Беларускай Рэспублікай”.
Вечарам 1 студзеня 1919 года гістарычны дзень настаў. Па радыё быў агучаны Маніфест, у якім Беларусь абвяшчалася “свабоднай незалежнай Сацыялістычнай Рэспублікай”. Яе ўзначаліў Зміцер Жылуновіч. Праз чатыры дні ўрад пераехаў у Менск, дзе былі створаны кіруючыя органы. Аднак Цэнтральны Камітэт Кампартыі бальшавікоў пастанавіў
16 студзеня перадаць Віцебскую, Магілёўскую і частку Смаленскай губерні РСФСР (землі былі вернуты ў 1924 і 1926 гадах). Разам з тым, 31 студзеня Расія аказалася першай краінай, якая прызнала незалежнасць Беларусі. Але
27 лютага ў Вільні было прынята рашэнне аб уз’яднанні Беларусі з Літвой і стварэнні Літоўска-Беларускай рэспублікі (ЛітБел).
Негатыўна паўплывала на дзяржаўнае нацыянальнае будаўніцтва савецка-польская вайна, якая моцна закранула і пабужскія землі. 10 лютага 1919 года ў Жабінку ўвайшоў кавалерыйскі аддзел пад кіраўніцтвам маёра Уладыслава Дамброўскага, які праз тры дні ў Брэсце злучыўся з рэгулярнымі польскімі войскамі і зноў выправіўся з баямі праз Жабінкаўшчыну ў накірунку Пінска і Баранавічаў.
31 ліпеня 1920 года чырвонаармейцы ачысцілі ад палякаў Жабінку і наваколлі. У Кобрыне быў створаны павятовы рэвалюцыйны камітэт на чале з Паўлам Харашылавым. Было абвешчана, што ўся ўлада пераходзіць да Часовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. Аднак праз два тыдні здарыўся так званы “цуд на Вісле” — польскія войскі не толькі ўтрымалі Варшаву, але пачалі новае наступленне.
19 жніўня яны зноў занялі Брэст, а ў верасні — Жабінку і Кобрын.
Прыкладна ў тыя самыя дні (12 ліпеня 1920 года) перастаў існаваць ЛітБел, а 31 ліпеня ў беларускай сталіцы адбылося паўторнае ўрачыстае абвяшчэнне дзяржаўнасці — Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.
Ужо 18 сакавіка 1921 года паміж буржуазнай Польшчай і Савецкай Расіяй быў падпісаны “канчатковы моцны, сумленны і заснаваны на ўзаемнай згодзе мір”. Аднак гэтыя словы, прапісаныя ў прэамбуле пагаднення, зусім не адпавядалі рэчаіснасці, паколькі Рэч Паспалітая атрымлівала амаль 100 тысяч кв. км беларускай зямлі з насельніцтвам больш чым у тры мільёны чалавек. У межах самой БССР заставалася толькі 52 тысячы кв. км, дзе жылі паўтара мільёна мяшканцаў. Як на тое азваўся з горкай іроніяй Янка Купала: “Далі шэсць паветаў — дзякуй і за гэта”.
Заходнебеларускія землі заста-валіся па-за нацыянальнымі дзяржаўнымі межамі да памятнай восені трыццаць дзявятага, калі адбылося ўз’яднанне былых польскіх “усходніх крэсаў” з БССР.

Popularity: 1%