Друшчыц Вольга

Ольга Друщиц

***

Я так хачу, каб нашы дзецi
Не ведалi вайны з бядою!
З бацькамi каб былi ўсе,
З адзеннем, хатаю, ядою.
Каб не пазналi нашы дзецi
Ў жыццi нi разу горкай долi.
Каб рэкi слёз з вачэй яскравых
Не пралiвалiся нiколi!
Хай толькi ўсмешкі на iх тварах
Блiшчаць, як сонейка вясною,
I саграваюць нас заўсёды
Сваёю цёплай дабратою!

 

Лясныя пахі

Калі іду па лесе,
Паветра я ўдыхаю.
Які прыемны водар
Бярозавага гаю!
У хвойніку сасною
Прапахла ўся зямля.
Вясной духмянасць дзічкі –
У кветачках галля…
Чарніцы і суніцы,
Пах беленькіх грыбоў.
Улетку водар ліпы
Лепш дарагіх духоў!
І дзе-нідзе запахне
Сасноваю смалой
У свежасці марознай
Бялюткаю зімой.
Дубы, бярозы, хвоі –
Нібы жывы эцюд…
Душа заўсёды рада
І лесу, і жыццю.

 

Куліч

Як воблака, мяккі,
Румяны, як сонца,
Вялікі – што неба,
Амаль што бясконцы!
І водар цудоўны
Ідзе па ўсёй хаце.
Яшчэ ён гарачы
Стаіць на лапаце.
І кветачка з цеста
Блішчыць, як ільдзінка,
Лісточак пакрыўся
Салодкай скарынкай…
Вялікдзень! І шчасця
Святло ў вачах!
Куліч – гаспадар
На ўсіх абрусах!

 

Як звяры Зіму прагналі

Казка

У лесе яшчэ панавала Зіма, калі яе сястрыца Вясна прыйшла ўступаць у свае ўладанні. Але не хацелася снежнай пані ў рукі малодшай сястры аддаваць лес-бор.
– Ну, што гэта будзе? Не, ну, што гэта будзе?! – гаварыла Зіма. – Усё вакол зазелянее, кветачкі з’явяцца паўсюль. Звяры выберуцца з нор і будуць радавацца Вясне. Не, так нельга! Усё павінна быць белым і халодным.
Яна далей сыпала сняжынкі на зямлю, на дрэвы – па ўсім-усім лесе. Дзе ж тут Вясне рассыпаць кветачкі, калі гурбы снегу вышэй за заечыя вушы. Села тады Вясна на пянёк і пачала плакаць. Але слёзы на такім марозе ў ледзяшы ператвараліся. Не ведала яна ўжо, што рабіць.
А Зіма хадзіла-блукала па лесе, смяялася і большыя маразы пасылала. Усё гэта звярам вельмі надакучыла. Пагаварылі яны, пагаварылі і як пайшлі аднойчы па лесе скакаць, футра зімы ірваць, дык іней з дрэў пастрасалі, а затым і лёд на рэках пакалолі.
Зіма ўжо і не ведала, што рабіць і куды хавацца. Ох, і спужалася! Нідзе на зямлі не было ёй спакою. Не вытрымала Зіма, раскалолася на мільёны крышталікаў-сняжынак і апошняй мяцеліцай узвілася ў неба.
А Вясна тым часам падмяла апошні снег і напаіла вадою дрэўцы. Звярам яна падарыла новыя футры, а потым пералічыла ўсе кветачкі, каб хутка рассыпаць іх па зямлі…

Бусел

-1-

Пасялiўся бусел
На маёй страсе.
Цэлы дзень клякоча –
Дзюбаю трасе.
Цэлы дзень на лаўцы
Сёння я сяджу.
Цэлы дзень я знiзу
На бусла гляджу.
Ён мяне заўважыў,
Паглядзеў, заклёкаў.
Ад мяне цяпер ён
Не адводзiць вока.
На дварэ цямнее.
Час iсцi мне спаць,
Але як мой бусел
Будзе засынаць?
Дрэнна яму будзе,
Бо гнязда няма.
Бусел мой замерзне,
Хоць i не зiма!

-2-

Ноччу сон прысніўся:
Я забрала птушку
І падклала госцю
Мяккую падушку.
Ну, а ранкам бачу –
Я адна на ложку!
Буслiк робiць хату
Спакваля, патрошку.
Вечарам бусліну
Ён дабудаваў
І ўжо гэтай ноччу
Моцна, цёпла спаў.

-3-

Стаў мне даўганогі
Сябрам назаўсёды.
У мяне былi з ім
Розныя прыгоды.
Да яго прывыклi
Куры, гусi, качкi.
З буслiкам сябруюць
Коткі ды сабачкi.
Але жнiвень зараз.
Час збірацца ў вырай.
Бусел для палёту
Размiнае крылы.
Я стаю i з сумам
На бусла гляджу.
“Колам хай дарога
Коцiцца!” – кажу.
Толькі спадзяюся:
Прыляціць вясной,
Рады павітацца
Клёкатам са мной!

Popularity: 1%

2018

 

Праваслаўны каляндар

8 красавіка – Пасха (Вялікдзень)

ДВУНАДЗЕСЯТЫЯ I ВЯЛIКIЯ СВЯТЫ

7-9 студзеня – Святкаванне Раства Хрыстова
14 студзеня – Абразанне Гасподняе. Памяць св. Васіля Вялікага
19 студзеня – Богаяўленне. Хрышчэнне Гасподняе
15 лютага – Стрэчанне Гасподняе
1 красавіка – Уваход Гасподні ў Іерусалім (Вербная нядзеля)
7 красавіка – Добравешчанне Прасвятой Багародзіцы
11 мая – Памяць св. Кірылы, епіскапа Тураўскага
17 мая – Узнясенне Гасподняе
22 мая – Перанясенне мошчаў св. Мікалая, архіепіскапа Мір Лікійскіх
27 мая – Дзень Святой Тройцы. Пяцідзясятніца
17 чэрвеня – Сабор беларускіх святых
7 ліпеня – Нараджэнне Іаана Прадцечы
12 ліпеня – Святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла
14 жніўня – Вынясенне Пачэсных Дрэў Жыватворнага Крыжа Гасподняга
19 жніўня – Праабражэнне Гасподняе
28 жніўня – Успенне Прасвятой Багародзіцы
11 верасня – Усекнавенне галавы Іаана Прадцечы
18 верасня – Памяць прмч. Афанасія, ігумена Брэсцкага
21 верасня – Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы
27 верасня – Уздзвіжанне Крыжа Гасподняга
14 кастрычніка – Пакровы Прасвятой Багародзіцы
21 лістапада – Сабор Архістраціга Міхаіла
4 снежня – Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы
19 снежня – Памяць св. Мікалая, архіепіскапа Мір Лікійскіх

СУЦЭЛЬНЫЯ СЯДМIЦЫ

з 7 да 17 студзеня – Святкі
з 28 студзеня да 3 лютага – Мытара і Фарысея
з 12 да 18 лютага – Сырная (Масленіца)
з 8 да 14 красавіка – Пасхальная (Светлая)
з 27 мая да 2 чэрвеня – Троіцкая

ШМАТДЗЁННЫЯ ПАСТЫ

Вялікі пост – з 19 лютага да 7 красавіка
Пятроў пост – з 4 чэрвеня да 11 ліпеня
Успенскі пост – з 14 да 27 жніўня
Пост перад Раством Хрыстовым – з 28 лістапада да 6 студзеня

АДНАДЗЁННЫЯ ПАСТЫ

Серада і пятніца на працягу ўсяго года,
за выключэннем суцэльных сядміц і Святак
18 студзеня – Навячэр’е Богаяўлення
11 верасня – Усекнавенне галавы Іаана Прадцечы
27 верасня – Уздзвіжанне Крыжа Гасподняга

ДНI АСАБЛIВАГА ПАМIНАННЯ СПАЧЫЛЫХ

4 лютага – Памінанне ўсiх спачылых, што пацярпелi ў час ганенняў за веру Хрыстову
10 лютага – субота Мясапусная
3 сакавіка – субота 2-я Вялікага посту
10 сакавіка – субота 3-я Вялікага посту
17 сакавіка – субота 4-я Вялікага посту
17 красавіка – Радаўніца
9 мая – Памінанне спачылых воінаў
26 мая – субота Троіцкая
11 верасня – Памінанне спаленых жыхароў в. Драмлёва Жабінкаўскага раёна (1942 г.)
3 лістапада – субота Дзмітрыеўская

Каталіцкі каляндар

1 студзеня – Святой Багародзіцы Дзевы Марыі
6 студзеня – Урачыстасць Аб’яўлення Пана
7 студзеня – Свята Хросту Пана
2 лютага – Свята Ахвяравання Пана (Грамніцы)
14 лютага – Святых Кірыла і Мятода – Апекуноў Еўропы – Папяльцовая – Вялікі пост
19 сакавіка – Святога Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі – урачыстасць
25 сакавіка – Звеставанне Пана – урачыстасць
29 сакавіка – Вялікі Чацвер
30 сакавіка – Вялікая Пятніца
31 сакавіка – Вялікая Субота
1 красавіка – З мёртвых паўстанне Пана – Вялікдзень – урачыстасць
2 красавіка – Велікодны панядзелак
10 мая – Унебаўшэсце Пана – урачыстасць
27 мая – Найсвяцейшай Тройцы
31 мая – Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста – урачыстасць
8 чэрвеня – Найсвяцейшага Сэрца Езуса – урачыстасць
9 чэрвеня – Беззаганнага Сэрца Дзевы Марыі – успамін
24 чэрвеня – Нараджэнне св. Яна Хрысціцеля – урачыстасць
29 чэрвеня – Св. апосталаў Пятра і Паўла – урачыстасць
2 ліпеня – Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай
6 жніўня – Перамяненне Пана – свята
15 жніўня – Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
29 жніўня – Мучаніцтва Св. Яна Хрысціцеля
8 верасня – Нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі – свята
12 верасня – Св. Імя Марыі
14 верасня – Узвышэннне Святога Крыжа – свята
15 верасня – Найсвяцейшай Панны Марыі Балеснай
29 верасня – Св. Арханёлаў Міхала (апекуна Беларусі), Габрыэля і Рафала – свята
7 кастрычніка – Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай
1 лістапада – Усіх Святых – урачыстасць
2 лістапада – Усіх памерлых вернікаў
16 лістапада – Найсвяцейшай Панны Марыі Міласэрнасці (Маці Божай Вастрабрамскай)
21 лістапада –Ахвяраванне Найсвяцейшай Панны Марыі
25 лістапада – Пана нашага Езуса Хрыста Валадара Сусвету – урачыстасць
2 снежня – І Нядзеля Адвэнту
8 снежня – Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі – урачыстасць
25 снежня – Нараджэнне Пана – урачыстасць
26 снежня – Св. Стэфана Першамучаніка
30 снежня – Св. Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа – свята

Popularity: 1%