Добры прыклад для сучаснай моладзі

Крысціна СЕМЯНЮК. Фота аўтара.

Адны людзі выбіраюць цішыню і спакой, а іншыя вядуць актыўны лад жыцця і пры гэтым паспяваюць дапамагаць тым, хто побач. Да апошніх смела можна аднесці Юрыя Якубука (на здымку), які паспяхова сумяшчае прафесію вызваленага брыгадзіра пуці і метрапалітэна з грамадскай дзейнасцю сябра БРСМ.

Юрый Уладзіміравіч нарадзіўся і вырас у Жабінцы, пасля школы паступіў у Брэсцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй чыгуначнага транспарту. Там у 2001 годзе ўпершыню ўступіў у БРСМ. У 2002-м скончыў навучанне і атрымаў спецыяльнасць брыгадзір. На працу ўладкаваўся ў Жабінкаўскую дыстанцыю пуці.
Доўгі час ён працаваў манцёрам пуці, набіраўся вопыту. У 2014 годзе Юрый Якубук атрымаў пасаду брыгадзіра.
Зараз ён старшы над васьмю манцёрамі пуці. Сярод яго абавязкаў сачыць за ходам і часам выканання работ на даручаным участку, за наяўнасцю матэрыялаў, інструментаў і дэталяў, за выкананнем патрабаванняў па ахове працы, а таксама навучанне маладых манцёраў. У падначаленні ў Юрыя Уладзіміравіча ёсць работнікі старэйшыя за яго. Таму малады чалавек ўпэўнены, што брыгадзіры абавязкова павінны атрымліваць практычны вопыт, каб мець аўтарытэт у калег.
Пачатак грамадскай дзейнасці Юрыя Якубука як сябра БРСМ супаў з пачаткам працоўнай – з прыходам у Жбінкаўскую дыстанцыю пуці 15 гадоў таму. Разам з іншымі актывістамі саюза моладзі ён не раз дапамагаў пенсіянерам: то дровы паколе, то пакеты цяжкія да дома данясе. Таксама Юрыю даводзілася прыбіраць тэрыторыю каля Мухаўца, у дзіцячым лагеры “Вярба”, у мемарыяльным комплексе “Драмлёва”.
Аднак гэта толькі адзін бок грамадскай дзейнасці Юрыя Уладзіміравіча. Як вядома, БРСМ выступае арганізатарам мноства цікавых мерапрыемстваў для моладзі.
У жніўні 2016 года Юрый Якубук наведаў форум “Прыбужжа-2016. Культурны фэст”, які праходзіў на Жабінкаўшчыне. У палатачным лагеры на беразе Мухаўца тады збіраліся прадстаўнікі працоўнай моладзі з усіх раёнаў вобласці. А яшчэ Юрый Уладзіміравіч актыўны ўдзельнік спаборніцтваў па боўлінгу і лазертагу, якія штогод праводзіць Брэсцкі абласны камітэт ГА “БРСМ”.
Юрый Якубук раіць: “Не сядзіце на месцы, вядзіце актыўны лад жыцця, развівайцеся, дапамагайце людзям”.

Popularity: 1%

“У кафэ, да клоўна!”

Запісала Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.

Пасля рамонту гасцінна адчыніла свае дзверы кафэ ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. Утульная зала кардынальна змяніла знешні выгляд. Цяпер яна мае сучасны дызайн у шакаладна-арэхавых танах, уздоўж сцяны – зялёныя канапы. Дызайнеры паклапаціліся, каб тут было камфортна як дарослым, так і дзецям. Мы з сяброўкамі, маладымі мамачкамі, вельмі задаволены падарункам, зробленым для наведвальнікаў кафэ, бо тут можна выдатна правесці час і адпачыць з маленькімі дзецьмі. Для юных гарэз распрацавана дзіцячае меню (нашай Сафійцы, напрыклад, прыйшлася даспадобы піца, а малодшаму сынку – блінчыкі і сок). Каб непаседам было нясумна, у нядзелю іх забаўляе клоўн. Вельмі здорава, што ў нашым горадзе з’явілася дзіцячае кафэ!
Святлана ЦАРУК, жыхарка мікрараёна цукровага завода.

Каменціруе загадчык кафэ ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Святлана ОМЕСЬ:
– Сапраўды, рамонт “удыхнуў” другое жыццё ў наша кафэ. Тут стала больш утульна і камфортна як для наведвальнікаў, так і для работнікаў. У зале абнавіўся інтэр’ер, мэбля. Замест “кабінак” тут уздоўж сцяны ўстанавілі канапы, паставілі сталы і крэслы. Барная стойка перанесена ў іншы бок залы, адведзена таксама месца для гукавой апаратуры і музыкаў.
У нас нямала задумак і ідэй, як задаволіць густы самых патрабавальных наведвальнікаў. Акрамя традыцыйных ужо вяселляў, святочных мерапрыемстваў, семінараў, памінальных вячэр, у нас будуць праводзіцца тэматычныя вечарыны і дзіцячыя святы. Напрыклад, на “ўра” прайшло святкаванне Дня восені і матуляў з удзелам клубных работнікаў. Весяліў малечу і клоўн з Брэста.
Што тычыцца самых юных, для іх будзе ладзіцца забаўляльная праграма з удзелам аніматараў кожную трэцюю нядзелю з 12 гадзін раніцы. Для хлопчыкаў і дзяўчынак распрацавана спецыяльнае дзіцячае меню – каля 40 найменняў страў. Гэта кактэйлі, блінчыкі, жэле, марозіва, салаты, мясное асарці, бульба фры, піца, сокі і інш.
Моладзі, думаю, будзе цікава сабрацца ў кафэ, каб разам паглядзець трансляцыю футбольных і валейбольных матчаў. Для гэтага ўстанавілі два вялікія тэлевізары. У планах – бясплатны вай-фай. Таксама будзе шмат “жывога” гуку. Думаю, у нас не раз свае музычныя таленты прадэманструюць выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў і іх выхаванцы.
Зразумела, што найпершая задача нашай установы – смачна накарміць. Адзначу, што дзякуючы клопату інжынера-тэхнолага колькасць страў, якія мы прапануем, значна павялічылася. “Разынка” кафэ – піца. Мы гатуем толькі дзіцячых піц 7 відаў. Плануецца таксама выпяканне яе па заяўках.
Завітайце ў кафэ, самі пакаштуеце!

Popularity: 1%