Аднойчы ў палескай Струганцы

IMG_0736У раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі Расціслава Бензерука “Дуб і жалуды”. Мне выпала весці вечарыну. У абмеркавані бралі ўдзел сябры клуба “Суразмоўнік” і жабінкаўскія школьнікі.
Новая кніга складаецца з дзвюх частак: у першай – раман “Векавая груша за акном”, другую ўтварылі аповесць, што дала назву ўсёй кнізе, і нізка апавяданняў. Вядома, што асноўная ўвага была засяроджана на рамане, які ахапіў шэсцьдзясят гадоў, пачынаючы з пасляваеннага часу і да нашых дзён. Гісторыя роднага краю перадаецца праз лёс сям’і Пратасеняў.
Заканамерна, што першае пытанне да аўтара было аб тым, як ён працаваў над раманам. Задума расказаць праз лёс сваёй вёсачкі – усходнюю частку Стрыганца, што ўрэшце зрабіўся хутарам – зарадзілася даўно: яшчэ ў 1988 годзе былі напісаны другая і трэцяя часткі будучага рамана. Першая і чацвёртая, як расказваў Расціслаў Мацвеевіч, з’явіліся толькі ў гэтым стагоддзі, а раней напісанае было грунтоўна перапрацавана. Разам яны склалі раман “Векавая груша за акном”.
Аднак перад намі не дакументальны, а мастацкі твор, таму пісьменнік спаўна выкарыстаў сваё права на вымысел: у рамане Стрыганец стаў Струганкай, Пратасюкі – Пратасенямі, Стальмашукі – Стэльмахамі, Дубіны – Дубінічамі, а старшыня калгаса Олін – Дзёміным, дый далёка не ўсе апісаныя падзеі адбываліся менавіта тут, у гэтай вёсцы.
Тыя, хто паспеў прачытаць кнігу, загадзя выказалі свае адносіны да яе. Ацэнка станоўчая: некаторыя гатовы былі параўноўваць раман з “Палескай хронікай” Івана Мележа (там і тут значнае месца адведзена стварэнню калгасаў, хаця калектывізацыі ў 1920-ыя гады і ў пасляваенны час вельмі розняцца). Р.М. Бензярук расказаў, як ствараўся калгас “За ўладу Саветаў” у Стрыганцы, бо многія факты таго часу ўтрымала яго дзіцячая памяць.
Былы выкладчык Брэсцкага дзярж-універсітэта Уладзімір Барысюк, прачытаўшы кнігу, даслаў свой ліст аўтару, ставячы яго раман поруч з “Крыкам на хутары” Георгія Марчука, дзе падзеі разгортваюцца вакол вялікай сям’і Летуноў.
Добрае слова пра творчасць Расціслава Мацвеевіча сказалі член клуба “Суразмоўнік” Раіса Маргевіч, пісьменнік і гісторык Анатоль Бензярук, які, дарэчы, быў рэдактарам кнігі “Дуб і жалуды”. Размова атрымалася цікавая, і верыцца, што слухачы наведаюць бібліятэку, каб пазнаёміцца з гісторыяй нашага краю, якую можна прачытаць у кнігах мясцовых аўтараў.
Валянціна СЛАВУЦІЧ, бібліятэкар Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.
На здымках: пісьменнік Расціслаў Бензярук са сваёй новай кнігай “Дуб і жалуды”.
Фота Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Пра хібы ў транспартнікаў

Вынікі праведзеных Камітэтам дзяржкантролю вобласці кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў сведчаць пра недастатковасць прымаемых транспартнымі арганізацыямі вобласці, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі мер у аптымізацыі зніжэння затрат на перавозку пасажыраў гарадскім і прыгарадным аўтамабільным транспартам, а значыць, на скарачэнне аб’ёмаў бюджэтнага субсідзіравання арганізацый, якія іх аказваюць.

Выбар тэмы і аб’ектаў праверкі быў невыпадковым. У дзевяці дзяржаўных арганізацыях галіны працуе амаль 5 тысяч чалавек, штодзень з бюджэту накіроўваецца ў іх каля 130 мільярдаў рублёў субсідый.
Паводле папярэдняга вывучэння работы арганізацый “Брэстаблаўтатранс” (галоўная арганізацыя вобласці) ёсць шэраг недахопаў і, як паказала праверка, – парушаюцца патрабаванні заканадаўства. Так, ва ўмовах дэфіцыту абаротных сродкаў не забяспечана своечасовае паступленне выручкі ад экспарту паслуг на 1 мільярд рублёў. Выяўлены парушэнні пры выдачы пазык ва ўмовах стратнай дзейнасці і пры наяўнасці пратэрмінаванай запазычанасці за спажытыя энергарэсурсы. Незаконная выдача прэмій, парушэнні парадку закупак і ў вядзенні бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці, пры ўліку, захоўванні лому і адходаў чорных і каляровых металаў, тэрмінаў выплаты заработнай платы – вось тыя сур’ёзныя недапрацоўкі. Толькі за праезд цяжкавагавых і буйнагабарытных транспартных сродкаў па аўтамабільных дарогах агульнага карыстання не даплачана ў бюджэт 2 мільярды рублёў.
Ацэначны эканамічны эфект ад рэалізацыі выпрацаваных Камітэтам мерапрыемстваў па зніжэнні затрат складае больш як 60 мільярдаў рублёў у год.SAMSUNG DIGITAL CAMERA
У красавіку органамі пракуратуры праверана выкананне патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта №3 “Аб прыярытэтных накірунках умацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы”. Такія праверкі адбыліся ў ААТ “Брэстаблаўтатранс”, яго філіялах, а таксама ААТ “Аўтобусны парк г. Баранавічы”, “Пінскі аўтобусны парк” і “Пінагрузсервіс”. Ёсць факты няправільнай арганізацыі і ажыццяўлення работы па заключэнні дагавораў, у тым ліку і з замежнымі контрагентамі, на ўмовах значнай адтэрміноўкі плацяжоў за фактычна аказаныя паслугі, непрыняцце мер па спагнанні запазычанасці ў судовым парадку.
Негатыўна на фінансавае і маёмаснае становішча прадпрыемстваў уплываюць выяўленыя факты лішніх расходаў, напрыклад, на аплату арганізацыямі штрафаў, пені, дзяржаўнай пошліны пры разглядзе спраў у судзе, выкліканых рознымі парушэннямі работнікаў гэтых арганізацый. Кіраўнікамі не заўсёды прымаюцца меры па спагнанні з вінаватых нанесенага ўрону.
У ААТ “Брэстаблаўтатранс” выяўлены таксама факты карупцыйных правапарушэнняў кіруючымі асобамі і дрэнная работа ў прафілактыцы гэтай з’явы.

Popularity: 1%