Усе мы родам з дзяцінства, і закладзенае ў маладыя гады раней ці пазней дае ўсходы. У маленстве Таня Жарынава марыла стаць юрыстам, і вось ужо 17 гадоў Таццяна Валер’еўна стаіць на варце закону, працуючы памочнікам пракурора Жабінкаўскага раёна.
Мара стаць юрыстам нарадзілася ў дзяўчынкі з вёсачкі Нівы Бярозаўскага раёна, калі яна вучылася ў гімназіі горада Белаазёрска. Спачатку хацелася стаць адвакатам. Нейкую рамантыку навявалі кнігі і фільмы, дзе заўжды перамагала справядлівасць. Калі дзяўчына падала дакументы на юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, родныя сталі назваць яе “наша Каменская”, бо ў той час многія захапляліся папулярным серыялам пра выдатнага і неардынарнага следчага, што магла разгадаць любую, нават самую заблытаную крымінальную загадку.
З прафесійнай прыхільнасцю будучы юрыст вызначылася пасля практыкі ў пракуратуры Гродзенскага раёна. Куды скіраваць позірк пасля вучобы? На адвакатуру? Або ўсё ж стаць сапраўднай другой Каменскай? Не, цяпер найбольш прыцягальнай здавалася пракурорская дзейнасць. Так быў зроблены канчатковы прафесійны выбар.
А праз пару гадоў, адразу пасля Дня юрыста, у снежні 2007-га, Таццяна Валер’еўна пазнаёмілася з першым месцам працы і Жабінкай, з якой давялося звязаць свой лёс. Калегі ў пракуратуры прынялі маладога спецыяліста як родную. Былі і падтрымка, і шчырая дапамога падчас станаўлення, што проста неабходна, калі перад табой паўстае столькі важных спраў, бо памочнік пракурора выконвае шмат адказных функцый. У іх ліку – падтрымка дзяржаўнага абвінавачвання ў судзе, удзел у разглядзе асобных катэгорый грамадзянскіх спраў і нагляд за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі.
Таццяна Жарынава выказвае шчырую ўдзячнасць тым, хто дапамог ёй некалі ўстаць на крыло і дасюль дапамагае ў працы і па жыцці. Сярод калег яна згадвае найперш былых пракурораў раёна Аляксандра Дзягеля, Уладзіміра Кірылюка і Алега Цыганова. З таго дня, як Таццяна Валер’еўна пераступіла парог пракуратуры, і да сённяшняга дня яна падтрымлівае выдатныя адносіны з Аленай Сідарук, якая ўжо не адно дзесяцігоддзе працуе намеснікам пракурора. Кампетэнтнасць, энцыклапедычныя веды і чалавечнасць Алены Міхайлаўны высока цэніць наша субяседніцы.
– Жаданне працаваць якасна і з адказнасцю, штодня ахвота прыходзіць на працу шмат у чым залежыць ад кіраўніка, здольнага арганізаваць і скіраваць калектыў на вырашэнне самых важных задач, – пераканана Таццяна Жарынава, згадваючы пракурора раёна Дзмітрыя Марачука. – Дзмітрый Юр’евіч – сапраўдны прафесіянал не толькі ў юрыспрудэнцыі. Ён выдатна адчувае людзей і пастаянна стараецца падтрымліваць у калектыве належны мікраклімат, разумеючы, што не толькі ад ведаў, але і да настрою кожнага залежыць агульны поспех.
А настрой, як вядома, перш-наперш нараджаецца, быццам у песні, “пад дахам дома твайго”. Муж Юрый і сын Цімафей, якому праз месяц споўніцца чатырнаццаць, цудоўна разумеюць і вельмі любяць Таццяну Валер’еўну.
Наша размова адбылася напярэдадні 85-й гадавіны ўтварэння пракуратуры Брэсцкай вобласці, што адзначаецца ў першыя дні снежня. Зірнуўшы ў акно, дзе нетаропка на зямлю падаў першы снег, Таццяна Валер’еўна сказала з цеплынёй:
– Усім калегам-юрыстам жадаю здароўя, аптымізму, дабрабыту, росту па службе. Прашу: ніколі не забывайце пра свае сем’і і бацькоў, якія ганарацца намі і перажываюць за нас. Тысячы разоў не забывайцеся дзякаваць ім за любоў!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Popularity: 1%