

Штуршком да гутаркі з дырэктарам гарадскога Дома культуры Галінай Іванаўнай Турыцынай стаў калядны канцэрт мастацкіх калектываў і спевакоў-салістаў ГДК. Тыя, хто пабываў на ім, не пашкадавалі: канцэрт складаўся больш чым з двух дзясяткаў нумароў, прычым пераважная большасць іх — новыя. Аднак павялі мы гутарку не толькі пра станоўчае, а і аб праблемах самадзейнага мастацтва, яго сённяшняй ролі ў культурным жыцці і гараджан, і вяскоўцаў.
Вось адзін з момантаў, які вымагае разгляду. Сёння людзі не дужа ахвотна ідуць выступленні непрафесійных артыстаў — маўляў, чаго ад іх, “местачковых”, чакаць, і тым больш — на канцэрты платныя…
— Наш калядны канцэрт таксама быў платны, і акурат гледачоў-слухачоў на ім было вобмаль. У гараджан, зразумела, меліся свае праграмы на святочныя дні, да таго ж канцэрт, што адбыўся 8 студзеня, мала афішаваўся, гэта мушу прызнаць. Але прычына паўпустой залы палягае і ў платнасці канцэртаў, якія ў нас, дарэчы, нячастыя. Дый кошт білетаў амаль што сімвалічны. Зараз ці не ў кожнага ёсць электронныя крыніцы музыкі і спеваў, дык навошта, думаюць многія, “выкідваць” лішнюю пяцёрку або дзясятку? Тым болей, як вы сказалі, на “местачковых”? Не шкада грошай хіба што на “Песняроў”, на Эдзіту П’еху, іншых у добрым сэнсе гастралёраў. Як правіла, білеты на іхнія канцэрты нашмат даражэйшыя, дык іх аплочваюць для сваіх работнікаў прадпрыемствы і арганізацыі. Але тады ў пройгрышы “адзіночныя” аматары песні, бо для іх мала калі білеты застаюцца. Нешта падобнае адбываецца, калі даюцца няплатныя канцэрты з нагоды святочных урачыстасцяў. “Чаму ўваход толькі з запрашэннямі? — пытаюцца ў нас. — Мы не сярод запрошаных, дык білеты купілі б”. У іншых гарадах, напрыклад у Івацэвічах, канцэрты платныя ўводзяцца ў звычку ў дзень 8 Сакавіка ды іншых святаў. У нас пакуль што — не: суадносіны платных і няплатных прыкладна адзін супраць пяці.
— Давайце, Галіна Іванаўна, паспрабуем абвергнуць некаторыя стэрэатыпы ў псіхалогіі аматараў музычнага мастацтва. Першы: любую музыку я магу знайсці ў камп’ютары.
— Зусім няцяжка абвергнуць. Ніякая электроніка — ні тэлевізар, ні камп’ютар — не могуць замяніць жывыя зносіны з выканаўцамі. Можна паслаць запіску-пытанне ў час канцэрта, пагутарыць пасля яго, узяць аўтограф. Галоўнае ж — атрымаць сапраўдную асалоду.
— Другі стэрэатып: заплачу ў дзесяць разоў больш за канцэрт папулярнага спевака, а на самадзейнага артыста не патрачу ні рубля, няхай спявае “за так”. Пры гэтым не кожнаму ў галаву прыходзіць, што платныя канцэрты рыхтуюцца з удвая большаю адказнасцю, што іх удзельнікі, у тым ліку, або і найперш, самадзейныя, працуюць на сцэне на поўную сілу і нават цераз яе.
— Згодная з вамі. У час каляднага выступлення нашых артыстаў я знаходзілася за рэжысёрскім пультам разам з Віктарам Дзірыным. Мы чулі выказванне госця, мінчаніна. У Мінску, сказаў ён, плаціш вялікія грошы, ды рэдка пачуеш падобны канцэрт. Можа, гэта камплімент быў, але праўда тое, што мастацкая самадзейнасць паўсюль сёння такога ўзроўню, які і не сніўся трыццаць, дваццаць і менш гадоў назад. А ў шчырасці, адказнасці, працавітасці артысты-аматары пераўзыходзяць ці мала каго з самаўпэўненых прафесіяналаў, якім бясконцыя выступленні “прыядаюцца” аж да непавагі да публікі, асабліва правінцыйнай. Той, хто прыязджае ў Жабінку, так ці інакш выкарыстоўвае фанаграму (за вельмі рэдкім выключэннем). Непадрыхтаваны слухач можа не заўважыць, а падрыхтаваны — адчувае гэта штораз.
— Што, на вашу думку, падымае ўзровень аматарства, набліжае да прафесіяналізму? І што стымулюе? Не заробкі ж, якімі работнікі культуры пахваліцца не могуць.
— Расце якасць падрыхтоўкі ў навучальных установах — ад школаў мастацтваў да ўніверсітэтаў. Праводзяцца шматлікія конкурсы — ад гарадскіх і раённых да міжнародных. Дамы культуры няблага забяспечаны заламі для рэпетыцый і канцэртаў, музычнымі інструментамі і сучаснаю апаратураю, кваліфікаванымі кадрамі, пры аддзелах культуры створаны арганізацыйна-метадычныя цэнтры.
Добры стымул для аматарскага мастацкага калектыву — атрымаць званне народнага або ўзорнага. Пры нашым ГДК працуюць тры народныя калектывы: вакальны ансамбль “Каларыт” — кіраўнік Мікалай Зіноўеў, эстрадная група “Аляксандр-парк” — Наталля Лосева, хор “Скарбніца” — Галіна Міцковіч. Адзін — узорны: дзіцячы ансамбль народнага танца “Каруначкі”, якім з першага дня кіруе Ірына Румко. “Каруначкі” напрыканцы мінулага года адзначылі сваё 25-годдзе з абноўленым рэпертуарам і павялічаным складам удзельнікаў. Сёння тут 80 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Мне прыемна сачыць за ростам майстэрства ўсіх калектываў, усіх артыстаў. Захоплена, карпатліва працуюць салісты Лілія Дашкевіч, Аксана Сідарук, Ірына Рынчук, Галіна Міцковіч, Валерый Няменшы; з першага канцэрта заявілі пра сябе “навічкі” Алеся Жукава і Андрэй Зубараў. Палюбіліся жабінкаўцам выступленні эстраднага танцавальнага калектыву пад кіраўніцтвам Ірыны Паўлавай, вакальнага ансамбля “Скарб” — кіраўнік Васіль Сідарук, хору ветэранаў, які на чале з Людмілай Дошчык пазмагаюцца сёлетняй вясной за званне народнага. Толькі летась хор даў больш чым дваццаць канцэртаў.
Стаць калектывам з ганаровым званнем, а праз кожныя тры гады пацвярджаць гэты гонар усё цяжэй. Абавязковы зараз удзел у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Абавязковае “жывое” выкананне музыкі і песні, музычнае суправаджэнне танца. З фанаграмаю — безнадзейная спроба. Таму робім захады, каб стварыць пры Доме культуры малую аркестровую групу.
— Званне народнага або ўзорнага калектыву — гэта маральнае задавальненне, прэстыж. Ці прадугледжвае яно таксама матэрыяльную падтрымку? Якія наогул заробкі ў вашых мастацкіх кіраўнікоў? Не адзін з іх працуе па многа гадоў, не шукае больш аплачвальнай працы.
— Тарыфная стаўка кіраўніка народнага калектыву 340 тысяч рублёў. Плюс прэмія з фонду заработнай платы, вельмі рэдка са спецрахунку, які складаецца з выручак за платныя паслугі. Гэта, самі разумееце, мізер, калі няма іншых крыніц даходу. На такія заробкі выпускнік акадэміі мастацтваў (кансерваторыі) не пойдзе. Скажам, былі марныя нашы перамовы з брэсцкім прафесійным кампазітарам, выдатным арганізатарам і кіраўніком Сяргеем Любчуком. Маладога ж выпускніка каледжа трэба дадаткова вучыць, прыезджаму — стварыць добрыя ўмовы для працы і быту, каб “прыжыўся”. А “цякучкі” няма таму, што мастацкія кіраўнікі, якія працуюць у нас, маюць сталае месца жыхарства, сем’і і, безумоўна, адданасць сваёй справе. Здраджваць прафесіі яны не хочуць.
— Не будзем, як кажуць, далёка хадзіць: спыніцеся, калі ласка, на сваёй біяграфіі як культработніка.
— Я закончыла культасветвучылішча ў Магілёве, але работнікам культуры стала не адразу. У Івацэвічах прайшла стажыроўку, а ў чэрвені 1979 года з мужам і малым дзіцем пераехала ў Жабінку (муж — пераводам сюды начальнікам прамбурводаў). У райаддзеле культуры мне сказалі: працы пакуль што няма, будзе — патэлефануем. Куды ісці? Пайшла на вузел сувязі тэлеграфісткаю, засвоіць азбуку Морзе музычны слых дазваляў. Закончыла, прычым з поспехам, спецыяльныя курсы і пачала працаваць. А праз два месяцы — званок: ёсць невялікая стаўка загадчыка аўтаклуба. І, ведаеце, я пайшла, хоць сувязісты адгаворвалі — зарплата ж тут у пяць разоў вышэйшая, папракалі — грошы на тваю вучобу патрацілі… Не, пайшла насустрач таму, што бліжэй для душы. Ездзіла з клубам на колах па вёсачках, дзе не было стацыянарных устаноў культуры. Я ўпэўненая: без любові да аднойчы выбранай прафесіі, без прызвання ўжо даўно не было б каму працаваць ні ў дамах культуры, ні ў бібліятэках, ні ў школах мастацтваў.
— Больш чым трыццаць гадоў працы ў культуры даюць вам усе падставы казаць не толькі пра яе бясспрэчныя набыткі, а і пра страты. У прыватнасці — страты ў народна-традыцыйным, нацыянальным змесце. Яны падаюцца мне відавочнымі.
— Сучасная моладзь цягнецца больш да эстрады, да забаўляльных відовішчаў. Калі ласка, ёсць эстрадныя групы, дыскатэка, розныя шоў, заняткі аэробікаю, каратэ… Аднак жа юныя танцоры ў “Каруначкі” ідуць! За адзін год прыйшлі тры дзясяткі новых удзельнікаў. Увогуле, стараемся спалучаць традыцыйнае з сучасным, розныя накірункі і захапленні. З улікам іх выстройваем і канцэрты. Імкнемся пры гэтым захаваць аўтэнтычнае народнае мастацтва, скажам, народны танец. Яго ў чыстым выглядзе мала дзе сустрэнеш цяпер: калектывы не-не ды і ўключаюць у яго элементы эстрады. Добра, што кампетэнцыя камісіі пры наданні танцавальным калектывам званняў, а таксама журы спецыяльных конкурсаў і фестываляў такога “вінегрэту” не прымаюць: танец народны — дык няхай і будзе народным!
Што да народных святаў і абрадаў, дык тут ёсць праблемы. Звычайна старажытныя святы прыпадаюць на хрысціянскі пост, таму царква схіляе культработнікаў не праводзіць іх зусім. Шмат дзе ў вобласці нашы калегі так і робяць. Напрыклад, далёка не ўсюды ладзіцца Купалле, прыгожае ў многіх адносінах тэатралізаванае гулянне.
— Іменна гулянне, якое даўно страціла сувязь з магічнымі паганскімі вераваннямі. Затое далучае да старажытнай нацыянальнай культуры і гісторыі. Бразільцы, кубінцы, італьянцы не меншыя хрысціяне за нас, аднак штогод праводзяць карнавалы і маскарады. А пост… Хіба абавязкова аб’ядацца ў купальскую ноч? Яшчэ большы пост у ноч навагоднюю, і праходзіць яна куды з большымі чаркамі і скваркамі. Дык што, “адмяніць” і Новы год? Удасца гэта праваслаўным святарам?..
— Не ведаю, каму гэта ўдасца. Мусіць, з царквою проста трэба знаходзіць кропкі ўзаемапаразумення…
— … уважліва выслухоўваць і выстаўляць свае аргументы.
— Напэўна. Іншая праблема. Нацыянальнае свята, само сабою, павінна праводзіцца на нацыянальным грунце, мове ў тым ліку. На вялікі жаль, мала хто з культработнікаў добра валодае ёю. Або неахвотна ёю карыстаецца. Думаю, больш цесныя сувязі трэба наладжваць са школамі — старшакласнікамі і настаўнікамі. Рэжысураю старажытных святаў мы таксама не задаволены: не стае сапраўдных знаўцаў народных традыцый.
— Некалькі слоў, Галіна Іванаўна, пра планы Дома культуры.
— Недалёка Масленіца, а там і канцэрт да 8 Сакавіка, рыхтуемся. Хор ветэранаў, як ужо згадвалася, вясною трымае справаздачу на званне народнага, свае ганаровыя званні будуць адстойваць “Каруначкі” і “Скарбніца”. Да гэтага часу неабходна арганізаваць аркестровую групу.
У перспектыве разлічваем знайсці спецыялістаў і стварыць студыю ці гурток бальнага танца, які ўпрыгожваў бы любы канцэрт, тэатральную студыю хаця б для міні-спектакляў, для тэатралізаваных відовішчаў пад час традыцыйных святаў Масленіца, Купалле і іншых, для разнастайвання Пакроўскага кірмашу.
Гэты год, як і ранейшыя гады, будзе насычаны конкурсамі і фестывалямі, у якіх мяркуем браць актыўны ўдзел і старацца стаць лаўрэатамі.
— Апошняе пытанне. Яно цікавіць аматараў творчасці Эдзіты П’еха. Яе канцэрт, відавочна, у гэтым годзе не адбудзецца?
— Так, на жаль. Яго раней адмянілі з-за хваробы спявачкі, і мы раздалі слухачам грошы за білеты. Першыя сёлетнія госці Жабінкі — Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. Іх канцэрт намечаны на 18 лютага.
Гутарыў А.КАСКО.
Ад рэдакцыі. Запрашаем усіх работнікаў культуры як горада, так і вёсак, аматараў мастацтва, нашых чытачоў далучыцца да апублікаванай сёння гутаркі. Смела выказвайце свае заўвагі і прапановы, погляды на сённяшні стан культуры і яе перспектывы.
Popularity: 1%